Браслаўчанка Ядвіга Хадаронак адзначыла свой векавы юбілей

Люди

2Браслаўчанка Ядвіга Хадаронак толькі што адзначыла свой векавы юбілей. Тым не менш яснаму розуму, жыццёваму запалу, энергетыцы і пачуццю гумару гэтай жанчыны можна толькі пазайздросціць.

Размяняўшы сотню гадоў, Ядвіга Валяр’янаўна памятае ўсе падрабязнасці свайго жыцця: як вучылася ў тады яшчэ польскай школе, працавала на паноў, трапіла ў канцлагер… Але цяжкасці не зламалі браслаўчанку: усё жыццё яна прысвяціла роднаму краю, добрасумленна працавала. Сёння сталая жанчына хоць і жыве ў доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў, але на лёс не скардзіцца. «Дзякуй персаналу ўстановы і дзяржаве ў цэлым за клопат», — кажа яна.

1Павіншаваць Я. Хадаронак завіталі старшыня Браслаўскага раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Вікторыя Атрашкевіч і, вядома ж, дырэктар інтэрната Сяргей Аліхвер. У светлым холе ўсё ўжо было падрыхтавана: памяшканне ўпрыгожылі, запрасілі гасцей — жыхароў установы, а саму віноўніцу ўрачыстасці ўсадзілі за стол, засцелены белым абрусам.

Ніна Пучынская ад імя раённай улады і сябе асабіста павіншавала юбілярку, выказала ёй словы ўдзячнасці за шматгадовую працу на карысць Браслаўшчыны і пажадала здароўя, бадзёрасці духу, актыўнай жыццёвай пазіцыі і аптымізму. Апошняга, дарэчы, Ядвізе Валяр’янаўне не займаць: «Адчуваю, што яшчэ пажыву», — упэўнена зазначыла жанчына і… заспявала: «Нам песня жить и любить помогает, она, как друг, и зовет, и ведет. И тот, кто с песней по жизни шагает, тот никогда и нигде не пропадет…» Сапраўды, залатыя словы.

■ Тэкст і фота Вячаслава КАЛАДЫНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *