Як з дапамогай чалавека бусляняты выраслі паўнацэннымі птушкамі

Калейдоскоп Люди

Нярэдка здараецца, што восенню пералётныя птушкі па нейкай прычыне не могуць паляцець у цёплыя краі і застаюцца ў нас зімаваць. Дробныя, як правіла, гінуць, а вось бусел — птушка прыкметная, яе заўважаюць людзі і дапамагаюць перажыць зіму. Шкада толькі, што, як правіла, такія буслы вясной не могуць знайсці сабе пару і застаюцца жыць ля чалавека. Напрыклад, у Казянах такі бедалага жыве разам з хатнімі птушкамі ўжо гадоў пяць. Гады тры жыў бусел у Барадзянічах, хадзіў адно лета перазімак па Пагошчы.

1

А вось пра тое, каб з дапамогай чалавека бусляняты выраслі паўнацэннымі птушкамі, да нядаўняга часу чуць не даводзілася. Зрабіць жа гэта здолелі Валянціна і Уладзімір Флірко з вёскі Рудава.

У час першай чэрвеньскай навальніцы ля іх хаты вецер сарваў са слупа гняздо з буслянятамі. Пры гэтым жылая канструкцыя прыціснула птушанят да зямлі. У дождж, каб не даць пераахаладзіцца і не заціснула гняздо, гаспадары вызвалілі ўсіх траіх з-пад завалу і памясцілі ў хлеў, які пакінулі на ноч адчыненым. А раніцай бусляняты, якім стаяць на выпрамленых нагах яшчэ сілы не хапала, выпаўзлі з часовага прытулку і спрабавалі схавацца ў пасаджанай побач бульбе. Там ім гаспадар і зрабіў гняздо з сена. Толькі, на бяду, малыя яшчэ не навучыліся есці сырую ежу і на прынесеных гаспадаром жабак ніяк не рэагавалі.

І тут адбылося неверагоднае. Дарослыя буслы-бацькі даверыліся людзям і пачалі карміць малых у рукатворным гняздзе. Утварыў- ся своеасаблівы сімбіёз чалавека і птушкі. Праўда, сімбіёз падразумявае пад сабой узаемавыгаднае суіснаванне, у нашым жа выпадку карысць ад яго мелі толькі птушкі. Гаспадары ж — адны клопаты. Як толькі пачынаўся дождж, пераносілі малых у хлеў. Зваротную дарогу тыя ў хуткім часе асвоілі самі. А калі пачалі вучыцца ўзлятаць, праклалі ў бульбе яшчэ і «ўзлётную паласу».

Цяпер бусляняты ўжо лётаюць, самастойна знаходзяць ежу. Калі я прыехаў у вёску, бусляняты карміліся на свежаскошаным лужку. Непадалёку стаяў тата-бусел. Жанчына спакойна падышла да маладых птушак, размаўляла з імі, і бусляняты яе не пужаліся. Але варта мне было выйсці з-за хлява, як маладняк адбегся і ўзняўся на крыло.

— Днём раней, — расказвала мне гаспадыня, — сядзела на лаўцы. Побач, не далей за 3 метры, на зямлю сеў бацька-бусел. Спачатку глядзеў на мяне, паварочваючы галаву з боку на бок. А потым зашчоўкаў дзюбай і пачаў скакаць. Мабыць, дзякаваў за дапамогу.

Па дарозе ў Браслаў я ўважліва аглядаў бусліныя гнёзды. Ва ўсіх іх птушаняты знаходзяцца пад апекай бацькоў і не спрабуюць пакідаць наседжаныя месцы. А рудаўскі ж вывадак ужо самастойны. І па ўсім бачна, што яго не чакае гаротны лёс тых буслоў-адзіночак, пра якіх расказваў напачатку.

■ Аляксандр АЗЕВІЧ.

Фота аўтара.