Яшчэ 3 відэакамеры ўсталявалі на вуліцах Браславе

Калейдоскоп

2017.03.13-1489406218.8678_street-cctvПра тое, што большасць грамадскіх месц і найбольш наведваемых аб’ектаў нашага раёна абсталяваныя сістэмамі відэаназірання, гутарка на старонках газеты ўжо вялася. Нядаўна іх спіс папоўніўся яшчэ трыма пазіцыямі. А вось фінансавую дапамогу ў набыцці «відэавачэй» аказалі асобы, неабыякавыя да справы аховы правапарадку.

Спіс аб’ектаў, якія па рашэнні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта павінны быць абсталяваныя сістэмамі відэаназірання, даволі ўнушальны. Гэта не проста любыя абраныя месцы, а тыя, што падпадаюць пад пэўныя крытэрыі, сярод якіх самы важны — масавае наведванне. Кантралюе выкананне гэтага пытання райвыканкам і міліцыя.

— Усяго 74 аб’екты раёна павінны быць аснашчаныя відэакамерамі. Па стане на 1 чэрвеня зрабіць гэта паспелі на 59, а нядаўна да іх дабавіліся яшчэ тры. Сёння абсталяванасць аб’ектаў раёна сістэмамі відэаназірання складае 83,7 %, — адзначае начальнік РАУС Вячаслаў Грышчанка.

Усе аб’екты са спіса падзелены на адпаведныя сферы: адукацыя, гандаль, грамадскае харчаванне, культура і гэтак далей. І за кожным з іх замацаваны адказныя прадпрыемствы ці арганізацыі, якія і купляюць неабходнае абсталяванне. За аснашчанасць «відэавачамі» большасці месц масавага наведвання асобамі адказвае КУП ЖКГ «Браслаў-камунальнік». Толькі, каб абсталяваць відэаназіраннем адну кропку, патрэбны 4 камеры і блок для захоўвання інфармацыі, а каштуе ўсё гэта разам каля 2 тысяч рублёў. І для набыцця неабходнага абсталявання ЖКГ патрэбна нямала сродкаў.

Прыемна, што ў Браславе працуюць прадпрымальнікі, якім не абыякавае жыццё горада, іх хвалюе стан правапарадку. Таму яны вырашылі дапамагчы праваахоўным структурам аснасціць некаторыя месцы масавага адпачынку відэаназіраннем. Зрабіць гэта вызваліся 3 бізнес-суб’екты: наша мясцовае прыватнае прадпрыемства «Віталіч», ТАА «ВКФ Оракс» і «Татнафта». Дарэчы, два апошнія валодаюць у нашым раёне аўтазаправачнымі станцыямі. На выдзеленыя сродкі «Браслаў-камунальнік» закупіў відэакамеры і ўсталяваў іх у зоне адпачынку «Леснічоўка», на Замкавай гары і на аўтастаянцы паміж касцёлам і царквой. Калі апошняе месца больш спакойнае, то два папярэднія — самыя любімыя ў браслаўчан і гасцей горада. Абсталяванне зон адпачынку «відэавачамі» дапаможа кантраляваць там стан правапарадку, а ў выпадку, калі ўсё ж такі што здарыцца, — хутка знайсці вінаватых і вырашыць сітуацыю.

— У ахове правапарадку абыякавых няма, і гэта на справе даказалі нашы прадпрымальнікі. Яны не толькі дапамаглі міліцыі, але і гораду, які, будзем спадзявацца, будзе яшчэ больш утульным і спакойным у плане злачыннасці, — падкрэслівае Вячаслаў Грышчанка.

■ Таццяна ПЯТУШКА.