ПРА ШТО ПІСАЛА «БРАСЛАЎСКАЯ ЗВЯЗДА» 25 гадоў таму назад (ліпень 1992-га)

Калейдоскоп

IMG_3759ЗАЎВАГ НЕ БЫЛО

Насуперак думцы, што ў наш час ніхто нікога не кантралюе, Браслаўскі малаказавод нядаўна наведала камісія рэспубліканскай санітарнай службы. Сумесна з прадстаўніком Міністэрства мясаалочнай прамысловасці яна праверыла санітарны стан прадпрыемства, якасць мясцовай прадукцыі і прызнала іх адпаведнымі самым строгім патрабаванням.

ДА ВЕДАМА ЖЫХАРОЎ Г. БРАСЛАВА

У сувязі з інтэнсіўным разборам вады, звязаным з засушлівым надвор’ем, дзеючыя шчыліны не ў стане забяспечыць горад вадой. Таму ў ліпені гарачая вада ў кватэры да канца месяца падавацца не будзе.

НА САМАСТОЙНЫ ШЛЯХ

Сёлета сярэднія школы раёна скончылі 259 юнакоў і дзяўчат. Самымі шчаслівымі сярод іх аказаліся, бадай, Дзмітрый Мацкевіч і Наталля Брылевіч з другой гарадской школы, Святлана Дробыш і Ганна Губанава з Відзаўскай СШ: разам з атэстатам сталасці яны атрымалі залатыя медалі. Яшчэ 15 выпускнікоў адзначаны за старанную вучобу сярэбранымі медалямі.

СКЛАДАНЫ ПЕРЫЯД

Не самыя лепшыя часы перажываюць цяпер вадзіцелі калгасаў і саўгасаў. З-за скарачэння паставак бензіну многім давялося мяняць работу: яны перакваліфікаваліся ў механікаў, будаўнікоў, жывёлаводаў. А тым, хто застаўся за рулём, трэба выконваць работу і за сябе, і за часова скарочаных.

РАДЫЁЛАГІ АБСЛЕДАВАЛІ ДЗЯЦЕЙ

IMG_3757Два тыдні на Браслаўшчыне працавала група медыкаў з рэспубліканскага НДІ радыяцыйнай медыцыны і яго віцебскага філіяла. Яны на спецыяльнай апаратуры грунтоўна абследавалі дзяцей з бліжэйшай да Ігналінскай АЭС 15-кіламетровай зоны. З усіх 900 агледжаных 200 практычна здаровых, 464 — з функцыянальнымі адхіленнямі, 145 — з хранічнымі хваробамі, 12 чалавек маюць прыроджаныя дэфекты здароўя.

ЖУРАВІНЫ — КУЛЬТУРА ПЕРСПЕКТЫЎНАЯ

У ПМК-44 заклалі першы пробны журавіннік плошчай 1 га, які знаходзіцца на балоце, што размяшчаецца паміж малаказаводам і будпляцоўкай аўтапарка. Укараніць новую справу меліяратарам дапамагаюць супрацоўнікі Мінскага цэнтральнага батанічнага сада. З цягам часу сюды будзе праведзена электралінія, устаноўлены помпы. Першы ўраджай чакаецца праз тры гады.

ПРЫБАЎКА СЕМ’ЯЎ І Ў СЕМ’ЯХ

Крызіс нашага грамадства хоць і адбіўся на матэрыяльным і духоўным стане сям’і, але не настоль- кі, каб людзі адмовіліся ад імкнення да асабістага шчасця. І тэндэнцыя да зніжэння нараджальнасці і заключэння шлюбаў, здаецца, пераадольваецца. Так, калі ў мінулым годзе ў Браславе за паўгоддзе адсвяткавалі 48 вяселляў і зарэгістравалі 69 маленькіх гараджан, то сёлета, адпаведна, — 51 і 77.

«ГАРАЦЬ» ГРОШЫ

Замітусіліся апошнім часам нашы суседзі ў Латвіі: з 20 ліпеня там выключаюцца з ужывання рублі. Таму грамадзяне, не давяраючы свайму ўраду, імкнуцца пазбавіцца ад грошай, якія сталі «прыпякаць» у кішэнях. Вось чаму на вуліцах Браслава шмат аўтамашын з замежнымі нумарамі, а чэргі ў крамах, асабліва харчовых, значна падоўжыліся. Такім чынам, гульні ў самастойнасць заходзяць усё глыбей. Недалёка, відаць, і той час, калі без долараў у Даўгаўпілс не з’ездзіш.

КАЛГАС АСВОЙВАЕ ВЫРАБ НАПІТКУ

Духата, спякота, піць хочацца. А асартымент напіткаў у нашым гандлі не вельмі шырокі. Папоўніць яго ўзяліся ў калгасе імя Машэрава. Тут пачынаецца выпуск сялянскага саладовага слабаалкагольнага напітку «Дзвінскі». Гэта, вядома, не шампанскае і не піва, але смагу ім можна прагнаць. Машэраўцы разлічваюць, што напітак прынясе істотны прыварак у калгасную скарбонку.

■ Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО.