«Агравідзы» ўжо жнуць

Деньги
2
Камбайнеры (злева направа) Аляксандр Сусла, Леанід Паляк, Часлаў Карквеліс і вадзіцель Валянцін Гасянец.

У мінулую суботу ў хлебаробаў ААТ «Агравідзы» пачалася ўборачная кампанія. Бліжэй да паўдня, калі абсохла раса, з мехдвара адзін за другім на палеткі выехалі тры камбайны, якімі кіравалі Аляксандр Сусла, Леанід Паляк і Часлаў Карквеліс. Праўда, агрэгаты трымалі курс не на збожжавае поле, а на пасевы азімай сурэпіцы.

Пра пачатак самай адказнай у жыцці хлебаробаў пары «Браслаўскай звяздзе» расказаў дырэктар акцыянернага таварыства Уладзімір Залатуха.

1
Палявод Валянціна Ясюкевіч сушыць насенне першага ўраджаю

— Кожную восень мы сеялі па 150 — 180 гектараў гэтай крыжакветнай культуры. Але ніколі не пакідалі яе на насенне. Ранняй вясной сурэпіцу скошвалі, зялёную масу змешвалі з сенажом і скормлівалі жывёле. А сёлета пасля зімы пасевы настолькі радавалі вока, што з аграномам вырашылі пакінуць іх паспяваць. Тым больш, што амаль трэць плошчы, засеянай азімым рапсам, загінула. Насенне ж сурэпіцы карыстаецца не меншым попытам, чым рапсу: 650 рублёў за тону — папярэдняя цана. Гэта амаль у тры разы больш, чым кошт збожжавых культур. З першых убраных участкаў намалочваем па 10,5 цэнтнера з гектара. Атрымліваецца, што калі б гэтыя палеткі засеялі збожжавымі, каб атрымаць раўнацэнную выручку, трэба было б намалаціць па 30 ц з га. А пры сёлетніх умовах гэта малаверагодна. У дадатак сурэпіца — выдатны папярэднік для збожжавых, ды яшчэ пасля ўборкі зоймем плошчы пажніўнымі культурамі. Таму выгада тут відавочная.

Паколькі насенне азімай сурэпіцы драбнейшае за рапсавае, шмат увагі ўдзялілі падрыхтоўцы камбайнаў. Камбайнерам аб’явілі: хто лепш за ўсіх адрэгулюе малацільны агрэгат, загерметызуе машыну, той і будзе ўбіраць. У першы дзень узялі на поле плёнку, праз якую і прапускалі камбайны. Дык вось, як ні стараліся камбайнеры перад выездам у поле, а ніводзін з агрэгатаў з першага разу не атрымаў допуск да ўборкі. Але ж усе тры давялі да ладу. Хутчэй за ўсё, менавіта гэтыя механізатары пасля ўборкі сурэпіцы будуць малаціць і рапс. Мо падключым яшчэ адзін-два камбайны. А там і збожжа паспее.

■ Аляксандр АЗЕВІЧ.

Фота аўтара