Як арганізаваны работы ў сёлетнім корманарыхтоўчым сезоне ў ААТ «Слабодка-агра»

Экономика и финансы
1
Лідары на адвозцы зялёнай масы Валерый Міналта і Фёдар Назараў.

Апошнія 4-5 зімовак грамадскі статак ААТ «Слабодка-агра» забяспечваўся травяністымі кармамі, што называецца, пад завязку. Імі нават дзяліліся з гаспадаркамі, дзе іх не хапала да вясны. Пра тое, як арганізаваны работы ў сёлетнім корманарыхтоўчым сезоне, «Браслаўскай звяздзе» расказаў галоўны аграном акцыянернага таварыства Пётр Карандзей.

— Пётр Іванавіч, на сённяшні дзень па назапашаных кармах вы значна саступаеце мінулагодняму паказчыку на гэтую ж дату. У чым прычына?

— Саступаем не толькі мы, а і ўсе без выключэння гаспадаркі. Сёлета з-за халадоў і недастатку вільгаці травы паспелі недзе на 2 тыдні пазней, чым летась. Таму ў першыя дні касавіцы ў ямы звазілі зялёную масу пасля падкошвання насеннікаў канюшыны, убіралі палеткі злакавых, якіх у нас практычна не засталося, бо стаўку робім толькі на бабовыя: канюшыну і люцэрну. Іх жа ўбіраць лепш за ўсё ў фазу цвіцення, калі расліны ўтрымліваюць найбольш бялку. Цвіценне, зноў жа, запазнілася. Адсюль і больш нізкія запасы.

— Прабачце, цяпер травы набралі масу, а не далей як учора вас крытыкавалі за тое, што за дзень у траншэю паклалі менш за 300 тон зялёнкі. Тэхніка выйшла са строю ці яшчэ што здарылася?

— Тэхніка пакуль не падводзіць, калі і здараюцца паломкі, то ўдаецца выпраўляць іх адразу ў полі. А справа ў тым, што зграбленая ў валкі днём раней люцэрна трапіла пад дождж. І, як вы заўважылі, масу яна набрала такую, што пракосы сталі не «па зубах» кормаўборачным камбайнам. Яны імі проста «давіліся». Таму давялося перагнаць тэхніку на сенажаці з больш рэдкім травастоем, на гэта затрацілі нямала часу. Сёння ж валкі падсохлі і мы ўжо за паўдня завезлі ў траншэю столькі, колькі за ўчарашні дзень. Так што ўпушчанае нагонім.

— Пётр Іванавіч, вяс- ной вам перадалі з «Альшанкі» ферму «Абаб’е». Там жывёла не будзе зімаваць на правах беднай падчарыцы?

— Узяўся за гуж — не кажы, што не дуж. Для прыбаўленага гурта ўжо заклалі два бурты сена- жу. Запоўнім траншэю ў Літоўшчыне — пойдзем па новым крузе: Слабодка — Луні — Абаб’е. У Іказні і Завер’і сенажу ўжо хапае. Цяпер мяне больш турбуе нарыхтоўка сена. Да апошніх дажджоў яго мы паспелі назапасіць усяго 50 тон. Цяпер бы толькі надвор’е не сапсавалася, а касіць ёсць што, прычым травы неперарослыя.

— Значыць, спадзеяцеся, што і сёлетняй зімой грамадскі статак будзе забяспечаны кармамі?

— Спадзявацца трэба не на штосьці абстрактнае, а на тых людзей, з якімі працуем. Нашы механізатары рыхтаваць кармы ўмеюць. Тым больш, што з мінулай зімы застаўся пераходны фонд: 3 тысячы тон сенажу і каля 2 тыс. т сіласу. Ды і кукурузай, думаю, запасы папоўнім. Праўда, ёй цяпла не хапае. Цяпер жа імкнёмся рабіць так, каб як мага хутчэй выйсці на мінулагоднія паказчыкі.

— Дзякуй за змястоўную размову.

■ Гутарыў Аляксандр АЗЕВІЧ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *