6

У Відзах адкрылі кафэ «Традыцыя 1803»

Власть и общество

6Напярэдадні Дня Незалежнасці ў Відзах адбылася доўгачаканая падзея — адкрыццё дзіцячага кафэ «Традыцыя 1803» Відзаўскага каледжа. Гэта стала сапраўдным падарункам не толькі для навучэнцаў, але і ўсіх відзаўчан, а таксама шматлікіх турыстаў і гасцей Браслаўшчыны.

Прывабны знешні выгляд, паветраныя шары на фасадзе, шыльды з надпісам «Мы адкрыліся» — усё падказвала, што тут чакаюць першых наведвальнікаў. На адкрыццё новага аб’екта, які, дарэчы, з’яўляецца яшчэ адным са шматлікіх у сапраўдным навучальна-адукацыйным комплексе Vidzy college, сабраліся педагагічны калектыў і пасялкоўцы. Звяртаючыся да прысутных, дырэктар каледжа Міхаіл Смірноў патлумачыў назву кафэ «Традыцыя 1803»: менавіта з тых даўніх часоў навучальная ўстанова ў Відзах рыхтуе кадры працоўных прафесій, а цяпер яшчэ і падтрымлівае лепшыя беларускія традыцыі ў інтэр’еры і прыгатаванні страў. «Мы стрымалі сваё абяцанне, і побач са сталовай у нас з’явілася паўнацэннае кафэ плошчай 140 «квадратаў» на 47 пасадачных месц. Акрамя таго, практыку тут праходзяць нашы навучэнцы. Віншую вас з такой падзеяй. Усё гэта для нашых дзяцей і жыхароў. Таксама спадзяёмся, што кафэ будзе карыстацца попытам і ў турыстаў», — сказаў М. Смірноў. Яшчэ некалькі хвілін чакання — і чырвоная стужка перарэзана, дзверы адчыніліся. Права першымі пераступіць парог кафэ было прадастаўлена шматдзетнай відзаўскай сям’і Цыўнель: бацькоў і дзяцей частавалі смачнай піцай і духмянай гарбатай.

3Унутранае аздабленне кафэ не саступае знешняму. Гэта адразу адзначылі першыя кліенты, з вуснаў якіх чуліся станоўчыя водгукі «Вось гэта прыгажосць» ці «Нічога сабе!». Зала, аформленая ў старажытным стылі, адпавядае сучасным патрабаванням і мае такую ж «начынку»: кавамашыну, музычнае суправаджэнне, Wi-Fi. А вось драўляная мэбля ўласнай вытворчасці, элементы дэкору ствараюць непаўторную беларускую атмасферу. Працяг тэмы нацыянальных традыцый — у меню. Тут прапануюць пераважна дамашнія стравы — каўбаскі, бульбянкі, але ёсць і італьянская піца, грэчаскі салат. Кафэ не ўяўляецца без кавы і марожанага. Калі ласка, можна заказаць амерыкана, капучына, латэ і паспрабаваць некалькі відаў халоднага ласунку. І як жа без свежай уласнай выпечкі! Дарэчы, менавіта булачкі відзаўскага каледжа разышліся ў новым кафэ літаральна за лічаныя хвіліны.2

Гледзячы на амаль поўную залу наведвальнікаў, хочацца спадзявацца, што прыемная абстаноўка, ветлівае абслугоўванне, багаты асартымент дапамогуць відзаўскаму кафэ заваяваць давер кліента.

■ Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.