4

Пяць прычын пабываць у ваколіцах Слабодкі

Калейдоскоп

Аграгарадок Слабодка размяшчаецца паміж азёрамі Недрава, Поцех і Ільмёнак. Упершыню паселішча ўпамінаецца ў 1618 годзе. Гэта адно з самых маляўнічых месц на Браслаўшчыне.

ЖАМЧУЖЫНА АРХІТЭКТУРЫ4

Касцёл Божага Провіду, які быў пабудаваны ў 1903 годзе, з’яўляецца адной з візітных картак Браслаўшчыны. Яго выяву часта змяшчаюць на паштоўках, календарах і буклетах. Ад метнасць касцёлу ў тым, што ён добра бачны за некалькі кіламетраў ад населенага пункта, а ў яснае надвор’е яго можна разглядзець нават з гары Маяк. А вы ведаеце, што ў Літве ў Аланце ёсць вельмі падобны да яго касцёл? Некаторыя лічаць, што абодва будынкі праектаваў адзін і той жа архітэктар.

ПОМНІК ЕЎФРАСІННІ ПОЛАЦКАЙ2

У цэнтры аграгарадка стаіць помнік Еўфрасінні Полацкай — знакамітай асветніцы Полацкага княства. Ён адзіны на Браслаўшчыне. Быў усталяваны ў пачатку 2000-х гадоў. Ініцыіраваў яго ўстаноўку ксёндз Уладзіслаў Пятрайціс, чыю задумку падтрымалі мясцовыя жыхары. Цяпер помнік даглядаюць вучні і педагогі Слабодкаўскай школы.

СЛАБОДКАЎСКАЯ ГРАДА

Гэтае ўнікальнае месца ўтвары- лася падчас раставання апошняга ледніка 18–16 тыс. гадоў таму 1назад. Града адрозніваецца маляўнічым пейзажам, на ёй пракладзена экалагічная сцежка з адпаведнымі інфармацыйнымі стэндамі пра наяўнасць рэдкіх і ахоўных відаў раслін, жывёл і птушак, гарадзішча і інш. Цікава, што пэўны час тут размяшчаўся ваенны палігон пагранічных польскіх войскаў (1920 — 1939 гг.)

ЧОРТАВА ЯМА

Непадалёку ад населенага пункта знаходзіцца ўпадзіна Чортава яма. Раней тут было возера эварзійнага паходжання, размешчанае амаль на 20 м вышэй за ўзровень сучасных азёр, глыбінёй звыш за 32,2 м і шырынёй 100 м. Аднак існуе і фальклорная вер- сія паходжання. Быццам некалі ў наваколлі вёскі вадзілася шмат гадзюк. Неяк у вёсцы з’явіўся падарожнік, яму далі прытулак. Ад гаспадароў ён пачуў гісторыю пра гадзюк. «Не выходзьце з хаты да світання», — сказаў госць. Усю раніцу з боку лесу чуўся шум, свіст і шыпенне. Пазней жыхары вёскі пайшлі ў лес і ўбачылі там велізарную яму. Доўгі час людзі казалі, быццам бы сам чорт наведаў у тую ноч іх вёску і знішчыў усіх змей.

МАСКАВІЦКАЕ ГАРАДЗІШЧА І БОЖАЕ ВОКА

3Па дарозе на Слабодку варта наведаць два ўнікальныя месцы — Маскавіцкае гарадзішча і возера Божае вока. Археалагічныя раскопкі старажытнага паселішча сведчаць пра тое, што яно існавала ў ХІ — ХІV стст. і выконвала ваенна-палітычную функцыю, ролю адміністрацыйнага, гандлёвага і культурнага цэнтра. Возера Божае вока — незвычайны водны аб’ект. Яно мае форму правільнага круга, якая не змяняецца на працягу доўгага часу. Назву возера атрымала дзякуючы сваім абрысам, што нагадваюць вока.

■ Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.