Конкурс «Браслаўская юшка» на свяце «Браслаўскія зарніцы»

"Браслаўскім зарніцам -- 50"

Конкурс «Браслаўская юшка» — адно з цікавейшых мерапрыемстваў падчас правядзення «Браслаўскіх зарніц». Сёлета райкам БРСМ зноў запрасіў арганізацыі і ўстановы раёна пазмагацца за званне лепшага, а гледачоў — пачаставацца смачнай і духмянай стравай.14

У цёплы і сонечны нядзельны дзень у Леснічоўцы было шмат гасцей свята. Пах юшкі разносіўся далёка за межы пляцоўкі, дзе праходзіла мерапрыемства, чым вабіў гледачоў. Таму час ад часу яны падыходзілі да ўдзельнікаў, з цікавасцю назіралі за тым, як варыцца страва, пыталіся, калі можна будзе яе паспрабаваць.

На гэты раз стаць лепшым поварам юшкі пажадалі 8 каманд: з Браслаўскага філіяла Глыбоцкага МКК, ЦБП № 205 у г. Браславе Беларусбанка, КУП ЖКГ «Браслаў-камунальнік», Браслаўскага абласнога дзіцячага супрацьтуберкулёзнага цэнтра, Відзаўскага ДПТК, філіяла «Браслаўрыба», абласной псіхіятрычнай бальніцы «Слабодка», Браслаўскай ЦРБ.17

Сярод каманд былі як навічкі, так і пастаянныя ўдзельнікі. Аднак і тым, і другім было аднолькава складана. Трэба было зварыць такую смачную юшку, каб яна спадабалася і журы, і «дэгустатарам». А яшчэ падрыхтаваць канцэртны нумар, які б адпавядаў конкурсу, здзівіць сваёй гасціннасцю і афармленнем пляцоўкі. Адразу адзначу, што справіцца з пастаўленай задачай ва ўсіх каманд атрымалася выдатна.

11Дзяўчаты з Беларусбанка парадавалі вясёлай песняй пра юшку, каманда псіхбальніцы «Слабодка» выклікала бурныя апладысменты сваімі танцамі, удзельнікі з ЦРБ паказалі гісторыю пра жыццё залатой рыбкі, а «КУБА» з супрацьтуберкулёзнага цэнтра жартаўліва падышла да конкурсу і разгарнула на сваёй пляцоўцы сапраўдную тэатральную дзею, чым выклікала шмат апладысментаў і ўсмешак. Каманда Відзаўскага каледжа зрабіла стаўку на смачную юшку, а філіяла «Браслаўрыба» — на гасціннасць. Сваімі жартаўлівымі прыпеўкамі парадавалі ўдзельнікі з Браслаўскага філіяла Глыбоцкага МКК, а ЖКГ — вясёлай казкай пра юшку.

15

Каманды фантазіравалі, праяўлялі свае творчыя здольнасці, таму пляцоўкі кожнай з іх, як і выступленні, былі адметнымі. Гледачы высока ацанілі старанні ўдзельнікаў. Яны ахвотна спраба- валі юшку, а потым спяшаліся аддаць свае галасы за якую-небудзь каманду. Зрабіць гэта, па іх водгуках, было складана, бо ў кожнага повара свой рэцэпт духмянай стравы, не падобны на іншыя. Госці пляцоўкі не спяшаліся разыходзіцца, чакалі, пакуль сваё меркаванне выкажа журы. Яму было найбольш складана, бо трэба было ўлічыць гасціннасць, смак стравы і творчыя здольнасці ўдзельнікаў.13

У выніку падліку галасоў гледачоў і журы трэцімі сталі повары з Браслаўскай ЦРБ, другое месца занялі прадстаўнікі ЦБП № 205 у г. Браславе Беларусбанка, а вось пераможніцай журы і гледачы аднагалосна прызналі вясёлую і жартаўлівую каманду «КУБА» з супрацьтуберкулёзнага цэнтра. Іншыя ўдзельнікі былі адзначаны ў спецыяльных намінацыях і ўзнагароджаны падарункамі.

16

У гэты дзень каманды атрымалі шмат эмоцый і добры настрой, а гасцям прыйшлася даспадобы духмяная юшка і атмасфера мерапрыемства. 12

Таццяна ПЯТУШКА.

Фота аўтара.