Мерапрыемствы на любы густ на «Браслаўскіх зарніцах»

"Браслаўскім зарніцам -- 50" Новости

49 Фестывальныя дні вабяць да сябе не толькі тых браслаўчан, якія любяць задушэўныя спевы, яскравыя танцы, народны фальклор, а і тых, хто імкнецца правесці выхадныя ў кругу сям’і ці сяброў, падарыць дзецям радасць баўлення часу на атракцыёнах ці набыць сувеніры на памяць пра свята. І арганізатары ў гэтым плане прадстаўляюць ім шырокія магчымасці.51

Кожны год у час правядзення «Браслаўскіх зарніц» гарадскія прадпрыемствы харчовай прамысловасці ладзяць продаж і дэгустацыю сваёй прадукцыі, шырокі асартымент тавараў прапануе райпа, клуб народных майстроў «Ля возера» арганізуе выставы работ. Не абмінаюць наш фестываль і ўмельцы з іншых раёнаў вобласці, свае гандлёвыя кропкі адкрываюць прафтэхліцэі і каледжы з Лепеля, Наваполацка і Полацка, Глыбокага і, канечне ж, з Відзаў.53

Ужо трэці год запар прывозіць са Смаргоні ў Браслаў надзімныя атракцыёны, электрамабілі, батуты дырэктар унітарнага прадпрыемства «Ліянік» Андрэй Ліс. Сёлета ж з ім канкурыраваў калега з агр. Шацк Пухавіцкага раёна Юрый Валодзін, які прывёз 5 атракцыёнаў. Абодва прадпрымальнікі засталіся задаволеныя тым, наколькі аператыўна, без лішняй валакіты ім выдзялялі месцы для арганізацыі адпачынку дзяцей, і гатовы прыязджаць да нас на кожнае масавае мерапрыемства, якое праводзіцца ў Леснічоўцы.54

Асобна хочацца адзначыць арганізацыю гандлю і дэгустацыі прадукцыі ўласнай вытворчасці абодвума філіяламі Глыбоцкага МКК і хлебазавода. І ў суботу, і ў нядзелю людзі не абміналі іх гандлёвых кропак, з задавальненнем частаваліся, а затым і куплялі вырабы. І калі браслаўчане, прывычныя да такой формы гандлю, у сваіх водгуках пра прадукцыю былі стрыманымі, то госці не скупіліся на пахвалу. Напрыклад, здзівіла, што дзяўчаты ансамбля «Сусісахістаяд» з Эстоніі, марской дзяржавы, вельмі ўпадабалі кансервы «Браслаўрыбы» і набывалі іх у якасці сувеніраў для сяброў і родных. Расійскія ж артысткі з ансамбля «Жемчужина» з задавальненнем частаваліся гарачымі булачкамі.50

Дзевяць гандлёвых палатак з кулінарнымі вырабамі, напоямі, сокамі, тры міні-кафэ, столькі ж кропак для прыгатавання шашлыкоў, мабільныя латкі-цялежкі з марожаным, чабурэкамі, піражкамі, беляшамі — далёка не поўны пералік таго, што прапаноўвала пакупнікам Браслаўскае райпа.41

Не заставаліся па-за ўвагай і вырабы народных майстроў клуба «Ля возера». Сёлета да нашых умельцаў у госці прыехалі іх калегі з Віцебска, Дуброўна, Лепеля, Бешанковічаў, Оршы. Адметна і тое, што клуб папаўняецца новымі майстрамі. У суботу і нядзелю, напрыклад, упершыню свае вырабы, а гэта ў асноўным абразы, дэманстравала браслаўчанка Антаніна Лемяшонак.

Такім чынам, можна смела сцвярджаць, што, акрамя канцэртных праграм, «Браслаўскія зарніцы» былі насычаны і іншымі цікавымі мерапрыемствамі на любы густ.

■ Аляксандр АЗЕВІЧ.

Фота аўтара