1

Работа вучняў СШ №2 і педагога Ірына Канопліч заняла першае месца на ХVІ навукова-практычнай канферэнцыі

Калейдоскоп Люди

1Некалькі ўзнагарод атрымала навуковая праца «Мёд — вадкае золата» вучняў школы № 2 Ганны Дзямідка і Івана Курыловіча.

На працягу вучэбнага года навучэнцы пад кіраўніцтвам педагога Ірыны Канопліч займаліся даследаваннем мёду. Сабраная і апрацаваная інфармацыя вылілася ў грунтоўную работу пад назвай «Мёд — вадкае золата», якая заняла першае месца на ХVІ навукова-практычнай канферэнцыі ў Браславе.

Акрамя гэтага, даследаванне было ўзнагароджана дыпломам 3-й ступені Віцебскага абласнога конкурсу даследчых работ і праектаў сярод вучняў 5—8 класаў «Я пазнаю свет». Аднак і на гэтым ўзнагароды не скончыліся. Прыемнай навіной стала атрыманне дыплома за першае месца ў намінацыі «Лепшыя даследчыя працы і праекты» ХХХV Міжнароднага конкурсу «Ты — геній!» у Маскве, які праводзіўся дыстанцыйна. Незаўважанай не засталася і дзейнасць педагога: дыпломам кіраўніка ўдзельнікаў Усерасійскага інтэрнэт-конкурсу для дзяцей «Трыумф дзяцінства» была адзначана Ірына Канопліч.

— Мы шмат працавалі над даследаваннем. Акрамя вывучэння тэорыі, праводзілі эксперыменты з мёдам, гутарылі з пчалаводамі. Радасна, што за сваю працу мы ўзнагароджаны дыпломамі, — кажа Ганна Дзямідка.

— Мой дзядуля займаецца пчалярствам, таму мяне вельмі цікавіла тэма мёду. Падчас падрыхтоўкі навуковай работы я даведаўся шмат новага для сябе, — дзеліцца Іван Курыловіч.

Радуецца за сваіх вучняў і Ірына Канопліч. Па словах педагога, дзеці з цікавасцю і задавальненнем займаліся даследаваннем, таму на наступны год яны плануюць паглыбіць і расшырыць тэму.

■ Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.