Пра ідэнтыфікацыю жывёлы. Інтэрв’ю з намеснікам начальніка ўпраўлення райсельгасхарча

Актуальное

3023596_900З першага студзеня 2018 года ўступае ў дзеянне Закон Рэспублікі Беларусь № 287-3 ад 15.07.2015 г. «Аб ідэнтыфікацыі, рэгістрацыі, адсочванні сельскагаспадарчых жывёл (статкаў), ідэнтыфікацыі і адсочванні прадуктаў жывёльнага паходжання». Пра некаторыя нюансы гэтай працэдуры «Браслаўскай звяздзе» расказаў намеснік начальніка ўпраўлення райсельгасхарча Віктар Казінец.

— Віктар Іванавіч, патлумачце, калі ласка, нашым чытачам асноўныя палажэнні ўзгаданага дакумента.

1— Закон накіраваны на стварэнне ўмоў, якія забяспечаць атрыманне дакладных звестак пра сельскагаспадарчых жывёл (статкаў) і прадукты жывёльнага паходжання, і дасць магчымасць дакументальна высветліць вытворцу і наступных уласнікаў, чые жывёльныя прадукты знаходзяцца ў абарачэнні, месцы іх вытворчасці. Да аб’ектаў ідэнтыфікацыі адносяцца буйная рагатая жывёла, авечкі, козы, свінні і коні, іх прадукты і прадукцыя, атрыманая з малака і мяса. Суб’ектамі гэтай працэдуры з’яўляюцца ўладальнікі сельскагаспадарчай жывёлы, вытворцы прадукцыі і сродкаў ідэнтыфікацыі. У рэспубліканскі рэестр уладальнікаў заносяцца юрыдычныя і фізічныя асобы, індывідуальныя прадпрымальнікі з указаннем месцазнаходжання аб’екта, дзе ўтрымліваецца жывёла. Сродкі ідэнтыфікацыі дзеляцца на тры віды: візуальныя (бірка, татуіроўка), электронныя (мікрачыпы), змешаныя (бірка з мікрачыпам). Буйная рагатая жывёла, козы, авечкі памячаюцца дзвюма біркамі або біркай і біркай з мікрачыпам. Племянныя свінні — біркай або біркай з мікрачыпам, неплемянныя — біркай ці татуіроўкай, коні — мікрачыпам. Пры гэтым неплемянныя свінні юрыдычных асоб памячаюцца пастаткава, фізічных — кожная паасобку.

— Скажыце, а колькі часу адводзіцца на гэтую працэдуру?

— Даныя з нашага раёна павінны быць адпраўлены ў рэспубліканскую базу да 1 кастрычніка гэтага года.

— Як ідзе гэты працэс у гаспадарках раёна?

— Ідэнтыфікацыі ў грамадскім статку належаць 29 170 галоў БРЖ і 280 коней, плюс усё нованароджваемае пагалоўе. У кожным сельгаспрадпрыемстве прызначаны адказны спецыяліст, які будзе фарміраваць базу даных. Усе зарэгістраваліся ў рэспубліканскай сістэме. «Маяк Браслаўскі», «Агравідзы», «Відзаўскі» і «Урбаны» ўжо закупілі біркі. У базу даных яны занеслі каля 4,5 тысячы галоў БРЖ.

— Віктар Іванавіч, чытачоў газеты больш цікавіць тое, як будзе праходзіць ідэнтыфікацыя жывёлы ў асабістых падсобных гаспадарках?

— А вось тут пакуль пытанняў больш, чым адказаў. Многія нюансы яшчэ знаходзяцца ў стадыі прапрацоўкі. Дакладна вядома, што каардынаваць усю работу будуць мясцовыя органы выканаўчай улады, якія і атрымаюць доступ у рэспубліканскую сістэму. Ужо сабрана інфармацыя пра ўтрымліваемую на падвор’ях грамадзян жывёлу, якая падлягае ідэнтыфікацыі. Цяпер збіраюцца заяўкі жадаючых удзельнічаць у гэтай працэдуры. Адназначна скажу, што гаспадары жывёлы, якая да 1 кастрычніка гэтага года не трапіць у агульнарэспубліканскі рэестр, пасля ўступлення ў сілу закона страцяць права на рэалізацыю прадукцыі ад яе. Выключэннем будзе той маладняк, які нарадзіўся пасля вышэйуказанай даты, але пры ўмове, што атрымаў індывідуальны нумар. Хутчэй за ўсё, сродкі ідэнты- фікацыі будуць набывацца за бюджэтны фонд. Аднак, калі гаспадарам усё ж самім давядзецца набываць біркі, вялікіх затрат на тое не спатрэбіцца. Напрыклад, дзве такія для БРЖ у сярэднім каштуюць 3 рублі 20 капеек. Ці будзе абавязковай ідэнтыфікацыя для тых, хто сам спажывае малако і мяса хатніх жывёл, пакуль невядома. Як толькі адпаведныя дакументы паступяць да нас, абавязкова давядзём іх змест да грамадзян праз раённую газету.

— Спадзяюся, Віктар Іванавіч, на хуткі працяг нашага дыялогу. Дзякуй за змястоўную размову.

■ Гутарыў Аляксандр АЗЕВІЧ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *