Мэтавае накіраванне — гарантаваная магчымасць атрымаць спецыяльнасць

Актуальное Калейдоскоп

722_4353_1333613938-300x300Спецыялісты сельгасвытворчасці сёння запатрабаваны. Менавіта таму выпускнікам школ выдаюцца мэтавыя накіраванні для паступлення ў навучальныя ўстановы сельгаспрофілю. А маладым людзям, якія заканчваюць вучобу ў іх, заўсёды гарантавана працаўладкаванне па спецыяльнасці.

Як паведаміла галоўны спецыяліст упраўлення райсельгасхарча райвыканкама Аксана Багародзь, абітурыенты, якія заключылі мэтавы дагавор, не ўдзельнічаюць у агульным конкурсе, а залічваюцца на выдзеленае месца і маюць магчымасць атрымаць адукацыю на бюджэтнай аснове. Студэнты-мэтавікі ў дадатак да асноўнай стыпендыі маюць магчымасць атрымаць прыбаўку ад 2 да 5 БВ.

Пасля заканчэння вучобы маладыя спецыялісты размяркоўваюцца на работу па месцы заключэння дагавора. У іх заўсёды ёсць магчымасць кар’ернага росту.

Упраўленне сельскай гаспадаркі і прадуктаў харчавання Браслаўскага райвыканкама для паступлення на вучобу ў гэтым годзе мае магчымасць выдаць мэтавыя накіраванні ў Беларускую дзяржаўную сельгасакадэмію (па спецыяльнасцях: аграномія, прававое забеспячэнне бізнесу, эканоміка і арганізацыя вытворчасці ў галінах АПК, абарона раслін і каранцін, сельскае будаўніцтва і добраўпарадкаванне тэрыторый); Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт (тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці, рамонтна-абслугоўваючая вытворчасць у сельскай гаспадарцы — скарочаны тэрмін, энергетычнае забеспячэнне сельскай гаспадаркі (электраэнергетыка), аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасцей); Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны (ветэрынарная медыцына, заатэхнія); Гарадоцкі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж (тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці, электраэнергетыка); аграрны каледж Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны (ветэрынарная медыцына, аграномія); Лепельскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж (тэхнічнае забеспячэнне меліяратыўных і водагаспадарчых работ).

Падаваць дакументы, звяртае ўвагу Аксана Багародзь, ва ўстановы вышэйшага навучання сельгаспрофілю (БДАТУ, ВДАВМ, БДСГА) сёлета на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці могуць абітурыенты, якія атрымалі па выніках ЦТ па кожным прадмеце не менш за 5 (пяць) балаў.

Сёлета абітурыенты, якія паступаюць на спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю, маюць права выбару: падаваць арыгіналы 2 сертыфікатаў ЦТ па спецдысцыплінах (фізіка, матэматыка альбо хімія, біялогія) ці здаваць уступныя пісьмовыя экзамены ў самой установе адукацыі. Сертыфікат (экзамен) па рускай (беларускай) мове не патрабуецца.

Для абітурыентаў, якія паступаюць на навучанне пасля каледжаў ва ўстановы вышэйшай адукацыі сельгаспрофілю на скарочаны тэрмін навучання, сертыфікаты ЦТ не патрабуюцца, здаюцца толькі ўступныя іспыты па спецпрадметах.

У сярэдне-спецыяльныя ўстановы сельгаспрофілю залічэнне на ўсе спецыяльнасці здзяйсняецца без экзаменаў і сертыфікатаў ЦТ — па конкурсе дакументаў аб адукацыі.

Пасля заканчэння ССНУ жадаючыя могуць паступіць у ВНУ на скарочаны тэрмін навучання. Навучэнцы абавязкова забяспечваюцца інтэрнатам.

Для заключэння мэтавага дагавора трэба падаць у сельгасупраўленне копіі пашпарта або пасведчання аб нараджэнні, дакументаў аб адукацыі і заяву.

Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне 63-0-41.

Алена ПЯТУШКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *