1

Малады дырэктар ФСК «Дрывяціч» Сняжана Цыўнель

Люди

1Абаяльная, заўсёды вясёлая і жыццярадасная дзяўчына. Менавіта так характарызуюць сябры і калегі дырэктара раённага фізкультурна-спартыўнага клуба «Дрывяціч» Сняжану Цыўнель. Ды і кожны, хто проста яе ведае, адразу скажа, што гэта ветлівы чалавек, з твару якога не сыходзіць прыемная ўсмешка. Акрамя гэтага, дзяўчына яшчэ і актывістка, спартсменка, малады адказны кіраўнік і прыемны суразмоўца.

Па родзе сваёй дзейнасці Сняжана заўсёды ў віры падзей. Яна і ў культурным жыцці раёна актыўна ўдзельнічае, і ў спартыўным, не адмаўляе, калі прапануюць прадставіць Браслаўшчыну на спаборніцтвах абласнога ўзроўню, ды і ў мерапрыемствах райкама БРСМ не раз была заўважана. Камусьці такое імклівае жыццё падалося б складаным, але толькі не гэтай маладой і актыўнай дзяўчыне.

Яшчэ са школы яна была актывісткай, педагогі вылучалі яе спартыўныя здольнасці ў лёгкай атлетыцы, і калі прапаноўвалі паўдзельнічаць у спаборніцтвах раённага і абласнога ўзроўню, дзяўчына не адмаўляла. Таму і будучую прафесію звязала са спартыўнай сферай і паступіла ва ўніверсітэт фізічнай культуры. Пазней па размеркаванні вярнулася на родную Браслаўшчыну. Працавала ў ДЮСШ, потым ва УП «Браслаўскія азёры», а ў мінулым годзе ўзначаліла калектыў РФСК «Дрывяціч».

Малады кіраўнік хутка прызвычаілася да новай пасады, у многім дзякуючы таму, што дзяўчына ўмее знайсці падыход да кожнага са сваіх падначаленых. А паколькі сярод іх шмат маладых людзей, то ёй удалося згуртаваць сапраўдны калектыў аднадумцаў, які глядзіць у адным накірунку. Да спорту і актыўнага ладу жыцця яна імкнецца да- лучыць і маладых людзей з усяго раёна. А лепшы сродак для гэтага — цікавыя мерапрыемствы, спартакіяды, святы на адкрытым паветры. Шмат іх ладзіцца ў раёне, ды і за яго межамі прадстаўнікі Браслаўшчыны годна выступаюць. Толькі нядаўна каманда раёна, у якую ўваходзіла і Сняжана Цыўнель, вярнулася з сельскіх гульняў і адразу адправілася на абласны маладзёжны турзлёт, а наперадзе яшчэ такі ж раённы.

Пры ўсёй занятасці на сваім працоўным месцы дзяўчына яшчэ і актыўны ўдзельнік жыцця райкама БРСМ. Адзначае, што гэта дае магчымасць знайсці новых сяброў, цікава правесці час. Невыпадкова, што на красавіцкай справаздачна-выбарчай канферэнцыі С. Цыўнель была аднагалосна абрана другім сакратаром райкама БРСМ і дэлегатам на такое ж абласное мерапрыемства.

Дзяўчына адзначае, што яна не з тых, хто бавіць вольны час дома за камп’ютарам. Сняжана імкнецца кожны свой дзень зрабіць цікавым, любіць актыўны адпачынак на свежым паветры і ў добрай кампаніі. Не спынілася яна і ў сваім адукацыйным развіцці. Вырашыла, што жадае атрымаць другую адукацыю і цяпер завочна вучыцца ў Акадэміі пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Асабістым прыкладам дзяўчына выхоўвае ў маладога пакалення пачуццё патрыятызму, вучыць заўсёды займаць актыўную грамадзянскую пазіцыю, выступае завадатарам цікавых, крэатыўных мерапрыемстваў, якіх так багата праводзіцца ў нашым раёне. Згадзіцеся, добры прыклад для пераймання для многіх маладых людзей.

■ Таццяна ПЯТУШКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.