Вера і Яўген Паўкшта з адной прафесіяй на дваіх

Люди

1Зразумела, лепш не ведаць ніякіх праблем са здароўем. Але часам здараюцца выпадкі, калі дапамога медыкаў патрэбна неадкладна. Тады мы дрыжачай рукой набіраем нумар службы хуткай медыцынскай дапамогі і блытана, з надрывам у голасе выклікаем урача. Пры гэтым вельмі абураемся, калі на другім канцы тэлефоннага проваду спакойна просяць адказаць на некалькі пытанняў.

— І гэта асноўная памылка, — кажа фельчар па прыёме вызаваў службы хуткай дапамогі ЦРБ Яўген Паўкшта, — бо нервовая мова, адступленні і выкрыкванні значна зацягваюць час і могуць негатыўна паўплываць на стан хворага ці пацярпелага. Вось ужо амаль шэсць гадоў малады браслаўчанін падчас свайго дзяжурства каардынуе работу службы. Яму даводзіцца размяркоўваць вызавы па неадкладнасці, рашаць, куды адправіць брыгаду ў першую чаргу, кансультаваць пацыентаў па тэлефоне, супакойваць іх, знаходзіць патрэбныя словы. Таму заўсёды трэба быць сабраным, разважлівым, не паддавацца на правакацыі, бо часам здараюцца зусім недарэчныя тэлефонныя званкі.

Так, у хуткую дапамогу могуць патэлефанаваць, каб даведацца пра час сутак, спытаць нумар газавай службы, папрасіць выратаваць сабаку. А менавіта ў гэтую хвіліну не можа дазваніцца чалавек, якому сапраўды патрэбна дапамога. І ў такіх выпадках дыспетчару трэба заставацца спакойным і стрыманым.

Не па чутках ведае складаную працу мужа Вера Паўкшта. Прыгожая маладая жанчына разам з Яўгенам не толькі падтрымлівае цяпло свайго сямейнага ачага, але і працуе ў той жа службе. На працягу пяці гадоў яна, фельчар хуткай медыцынскай дапамогі Відзаўскай участковай бальніцы, выязджае па першым званку, каб дапамагчы пацыенту.

— За час працы, — адзначае медык, — здараліся розныя выпадкі. Даводзілася і роды прымаць у хаце, і ратаваць жанчыну, якую змяя ўкусіла, выязджаць на аварыі. Наша работа заўсёды суправаджаецца хваляваннем. Калі едзеш на выклік, ніколі дакладна не ведаеш, з чым давядзецца сутыкнуцца. Але ўжо на месцы спрацоўвае ўнутраны рэзерв, мозг хутка пачынае ацэньваць сітуацыю, а рукі — працаваць.

Напружаны графік Яўгена і Веры ў большасці не супадае, таму пабыць разам ім даводзіцца ўсяго некалькі дзён на тыдзень. Тым не менш абаяльныя медыкі ні на хвіліну не пашкадавалі, што абралі складаную, але такую высакародную прафесію.

■ Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *