«Браслаўская харавая асамблея» – жамчужына «Браслаўскіх зарніц»

"Браслаўскім зарніцам -- 50" Главное
1
ПЕРАМОЖЦА 6-Й ХАРАВОЙ АСАМБЛЕІ АНСАМБЛЬ 

Розныя народы размаўляюць на розных мовах, але ёсць сярод іх адна ўніверсальная, якую разумее кожны з нас, — гэта музыка. Цудоўная і непаўторная, яна аб’ядноўвае людзей рознага ўзросту, прафесій, месца жыхарства. Чарговы раз музыка падхапіла і закруціла ў сваім рытме жыхароў і гасцей горада, адданых прыхільнікаў добрых песень, якія прыйшлі на адно з самых каларытных, незвычайных мерапрыемстваў «Браслаўскіх зарніц» — абласны агляд-конкурс вакальна-харавых калектываў «Браслаўская харавая асамблея».

Мерапрыемства стала сапраўдным упрыгожваннем, непаўторнай жамчужынай «Браслаўскіх зарніц». Менавіта таму асамблея квітнее і вось ужо шосты год збірае сваіх сяброў і адданых гледачоў. Тыя з іх, хто ў мінулую суботу зазірнуў у Раённы цэнтр культуры, не засталіся расчараванымі. Бо іх чакала шмат доб- рай музыкі, яркіх выканаўцаў і, безумоўна, уражанняў.

Першая харавая асамблея прыняла 12 калектываў, пазней іх было 15, потым — 19. Сёлета многае з таго, што адбывалася ў рамках мерапрыемства, было ўпершыню. Рэкорднай стала і колькасць удзель нікаў — 22 яркія і непаўторныя дарослыя калектывы і 6 дзіцячых хароў, якія першы раз далучыліся да асамблеі. Юныя зорачкі не разгубіліся, не саступілі ў падрыхтоўцы дарослым, выдатна спявалі, і іх звонкія галасы цешылі гледачоў не менш.

Пашырыла мерапрыемства і сваю геаграфію: сабрала не толькі лепшыя калектывы Віцебшчыны, але і запрасіла гасцей з Брэсцкай, Магілёўскай і Мінскай абласцей. Браслаўшчыну на асамблеі паспяхова прадстаўляюць народныя ансамблі песні «На панадворку» і «Сябрына». А вось для юных браслаўскіх зорачак з калектыву «Акварэль» выступленне стала дэбютным. Яны змагаліся за перамогу ў катэгорыі «дзіцячыя хары».

За час свайго правядзення харавая асамблея стала шырока вядомая не толькі ў вобласці, але і за яе межамі. І ў гэтым удалося пераканацца, пагутарыўшы з прадстаўнікамі розных калектываў. Адны з іх, як госці са Слуцка, Магілёва і Баранавіч, сталі дэбютантамі 6-й асамблеі і марылі атрымаць званне лепшых. Іншыя, як, напрыклад, госці з Дуброўна, Наваполацка і Віцебска, штогод вылучаюць у сваім гастрольным графіку час для таго, каб прыехаць на наша свята і парадаваць браслаўчан сваімі лепшымі песнямі. І разам з тым паглядзець, чым жывуць другія калектывы, якія працуюць у іх музычным накірунку.

Менавіта таму да выбару песеннага рэпертуару для конкурсу ўдзельнікі адносяцца вельмі сур’ёзна. Яны творча і арыгінальна імкнуцца падаць дзве песні: народную і акапэльную. Калі простаму гледачу падабаліся абсалютна ўсе выканаўцы і песні, што яны даказвалі сваімі апладысментамі, гучнымі крыкамі «брава» і ўсмешкамі, то прафесійнае журы, у склад якога ўвайшлі дырыжоры, кампазітары, педагогі, судзіла строга і свой выбар агучыла пазней, падчас цырымоніі адкрыцця «Браслаўскіх зарніц».

Лепшым дзіцячым хорам стаў калектыў Ушацкай ДШМ. У катэгорыі «акадэмічны спеў» дыпломы першай ступені атрымалі адразу два калектывы — народны маладзёжны хор г. Віцебска і народны жаночы хор педагогаў СШ № 3 г. Наваполацка. У намінацыі «народныя песні» не застаўся без узнагароды наш калектыў «На панадворку», якому прысвоены дыплом 3 ступені, а вось першым стаў народны хор «Рэчанька» Наваполацкага музычнага каледжа. Упершыню было прысвоена і Гран-пры харавой асамблеі. Прыз і дыплом паехалі разам з першым заслужаным аматарскім калектывам Рэспублікі Беларусь — ансамблем народнай музыкі і песні «Світанак» у Магілёўскі раён. Менавіта гэты калектыў пакарыў гледачоў і журы спалучэннем ідэальнага вакалу, валоданнем інструментамі і танцавальнага майстэрства.

«СВІТАНАК»: — Мы ўпершыню ўдзельнічалі і ў фестывалі, і ў харавой асамблеі, але чулі пра такія мерапрыемствы і вельмі жадалі сюды патрапіць, таму рады, што прыехалі да вас у госці. Падбіралі рэпертуар, які б перадаваў каларыт нашага Магілёўскага раёна. Наш кіраўнік Уладзімір Рубанік рабіў цікавыя аранжыроўкі песень, і гэта прынесла нам перамогу. Атрымалі шмат добрых эмоцый ад асамблеі, ветлівых гледачоў і атмасферы, якая ў дні фестывалю панавала ў Браславе. Усё гэта мы павязём з сабой дадому. Спадзяёмся, яшчэ не раз сустрэнемся на Браслаўшчыне.

■ Таццяна ПЯТУШКА.

Фота аўтара.