На гарадскім рынку шкодзіць Бабер

Калейдоскоп

IMG_2382Нядаўна ў рэдакцыю патэлефанавала браслаўчанка, якая паведаміла, што ехала на веласіпедзе праз тэрыторыю гарадскога рынку і яе ледзьве не прыціснула бяроза. Дрэва ўпала, бо яго падгрыз бабёр. «Браслаўская звязда» вывучала сітуацыю разам з тымі, хто непасрэдна сутыкаўся са звярамі.

ВЯЧАСЛАЎ КАЛЮЖНЫ, дырэктар рынку:

— Праблема сапраўды існуе. Спачатку Барыс Барысавіч (так мы назвалі бабра) зваліў бярозу і ўзяўся за другую. Тады мы абматалі ствалы дрэў металічнай сеткай. Але больш страшнае тое, што калі раней Бора шкодзіў па начах, то цяпер вылязае з канала сярод белага дня і пачынае прама на пешаходнай дарожцы прыводзіць у парадак сваё футра. Многія ж наведвальнікі рынку не разумеюць, што гэта жывёліна бывае агрэсіўнай, пачынаюць фатаграфавацца ля яе, блізка падводзяць дзяцей. А так і да бяды недалёка.

ВАРТАЎНІК РЫНКУ (прозвішча не захацеў назваць):

— Калі ноччу абыходжу тэрыторыю, бяру з сабой палку. Спачатку я думаў, што бабёр — такі IMG_2381міленькі звярок, спрабаваў пагуляць з ім: штурхаў у канал мятлой. Але аднойчы яму гэта не спадабалася і ён разануў зубамі па маёй прыладзе працы так, што ад яе толькі пруты паляцелі. Цяпер, калі ўбачу, абыходжу. Толькі ноччу можна неспадзявана і блізка падысці ды атрымаць траўму. Зубы ў яго вострыя, і ў адзін дзень ён можа імі скарыстацца. А ў Беларусі выпадак быў, калі чалавек пасля нападу загінуў.

• ПАВЕЛ ЧАЙКОЎСКІ, індывідуальны прадпрымальнік:

— Аднойчы раніцай еду на работу, бачу — бяроза падгрызеная. Спыніўся і не ведаю: ехаць далей ці не? А раптам заваліцца. Такая сітуацыя непрымальная. Трэба нешта рабіць, каб не здарылася бяды.

• СЯРГЕЙ ТАНАНА, начальнік паляўнічага аддзела нацыя- нальнага парка «Браслаўскія азёры»:

— Пра «бабровую» праблему на гарадскім рынку ад вас першы раз чую. Адміністрацыя гэтай установы да нас не звярталася. Будзем прымаць меры.

• АД РЭДАКЦЫІ:

«Браслаўская звязда» будзе адсочваць узнятую праблему і паведаміць чытачам, што будзе зроблена з боку нацыянальнага парка, каб не дапусціць траўміравання людзей у горадзе дзікім зверам.

■ Аляксандр АЗЕВІЧ.

Фота аўтара.