ЯКІЯ ПРАФЕСІІ ЗАПАТРАБАВАНЫ

Калейдоскоп

huge_6e026945-c211-4ecd-abfc-8feccc44ac3bЗ такім пытаннем часта звяртаюцца ў раённую службу занятасці. З просьбай патлумачыць сітуацыю на рынку працы «Браслаўская звязда» звярнулася да галоўнага спецыяліста аддзела занятасці насельніцтва і сацыяльна-працоўных адносін Леанарды Пятушка.

— Усе звесткі пра вакансіі, — кажа Леанарда Іванаўна, — паступаюць да нас з арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў. Некаторыя з іх «закрываем» на працягу аднаго-двух дзён, а на іншыя працоўныя месцы шукаем работніка больш за месяц. Трэба адзначыць, што наймальнікі выстаўляюць для працаўнікоў шэраг патрабаванняў: вопыт работы, высокую кваліфікацыю, веданне камп’ютара.

На цяперашні момант у раёне запатрабаваны механізатары, жывёлаводы, электрыкі, даяркі, прадаўцы, вадзіцелі, аграномы, інжынеры, заатэхнікі, бухгалтары, медыцынскія работнікі, швачкі, повары, слесары-рамонтнікі, эканамісты. Таму тым, хто мае такія спецыяльнасці, трэба звяртацца ў аддзел занятасці насельніцтва і сацыяльна-працоўных адносін.

Як адзначыла спецыяліст, за садзейнічаннем у працаўладкаванні за мінулы год у службу занятасці звярнуліся 655 чалавек, з якіх 406 працаўладкаваны. З выкарыстаннем сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны падчас летніх канікулаў была забяспечана занятасць 30 школьнікам. Двум беспрацоўным прадастаўлены субсідыі для арганізацыі індывідуальнай дзейнасці на суму 4 383 рублі.

Таксама Л. Пятушка акцэнтавала ўвагу на тым, што на ўлік у службу занятасці можа стаць любы грамадзянін, які не працуе па працоўным дагаворы, не зарэгістраваны ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, не выконвае работу ў юрыдычных асоб і ІП, не ажыццяўляе дзейнасць па аказанні паслуг у сферы агра- і экатурызму, рамесніцкай дзейнасці, не праходзіць ваенную ці альтэрнатыўную службу, не вучыцца на вочнай форме навучання, не даглядае дзіця-інваліда да 18 гадоў, інваліда 1 групы, не займаецца забароненай дзейнасцю, якая прыносіць заробак.

На сённяшні дзень на ўліку ў службе занятасці стаяць 103 беспрацоўныя.

Па накіраванні службы занятасці паехаць на курсы падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі ў Мінск, Віцебск, Полацк і Наваполацк можа, калі пажадае, любы беспрацоўны. Так, за мінулы год прафесійнае навучанне прайшоў 21 чалавек, на што са сродкаў фонду сацыяльнай абароны было затрачана 4 335 рублёў.

Акрамя гэтага, сям’і беспрацоўнага дапамогуць пераехаць у сельскую мясцовасць, дзе ёсць работа і жыллё. У такім выпадку пры заключэнні пагаднення выплачваюцца грашовыя сродкі ў памеры сямікратнай велічыні БПМ.

■ Алена ПЯТУШКА.