Сёлета на свяце сярэдневяковай культуры «Меч Брачыслава»

"Браслаўскім зарніцам -- 50" Главное

Сёлета на свяце сярэдневяковай культуры «Меч Брачыслава» гараджан і гасцей нашага горада чакае цікавая праграма. Прапануем вам падрабязней пазнаёміцца з яе напрамкамі.543

ВУЛІЧНАЕ ПРАДСТАЎЛЕННЕ

У мінулым годзе калектыў «Вір» здзівіў браслаўчан сваёй пастаноўкай пад назвай «Жылі-былі Гагалі». Сёлета ён пакажа інтэрактыўны спектакль «Юр’я і Цмок», яго прэм’ера адбылася напачатку мая. Спектакль пастаўлены па матывах старадаўняй легенды Беларусі і пераклікаецца з міфамі народаў усяго свету. «Вы сустрэнецеся з жорсткім Драконам і адчайнай Царэўнай, з баязлівым Царом і вынаходлівымі гараджанамі, пачуеце старажытныя прароцтвы і ўбачыце грандыёзную бітву багоў», — так анансіруюць свой спектакль удзельнікі тэатра.

532
РЭКАНСТРУКЦЫЯ ПОБЫТУ

   На «Меч Брачыслава» збяруцца клубы гістарычнай рэканструкцыі «Нагльфар», «Варгенторн», «Труварынг», «Жалезны жолуд», «Ісангрым», «Дайнава», «Хегевальд», «Полацкая харугва», «Янтарь» з Беларусі, Літвы і Польшчы. Ёсць і дэбютанты, напрыклад, госці з Жодзіна — «Хірд Ваўкі». Удзельнікі клуба займаюцца вывучэннем гісторыка-матэрыяльнай культуры перыяду ранняга сярэдневякоўя. Асноўны напрамак дзейнасці — ваенна-гістарычная рэканструкцыя эпохі вікінгаў. Як і ў мінулыя гады, ваяры разаб’юць сярэднявечнае паселішча на Замкавай гары, а наведвальнікі свята змогуць пазнаёміцца з побытам іх жыцця. Акрамя гэтага, удзельнікі клуба прымуць удзел у прадстаўленні «Захоп і абарона старажытнага Браслава» і правядуць майстарласы па стральбе з лука і старадаўніх танцах.

521
РАМЁСТВЫ НАШЫХ ПРОДКАЎ

Не меншую цікавасць на свяце выклікаюць старадаўнія рамёствы. Сёлета ўдзельнікі народнага клуба майстроў і мастакоў «Ля возера» пазнаёмяць і навучаць наведвальнікаў свята з ткацтвам паясоў на вертыкальных кроснах, прадзеннем на верацяне, пляценнем з травы, вязаннем сетак, разьбярствам і валяннем з воўны. Упершыню можна будзе пабачыць выраб музычных інструментаў. Так, напрыклад, вядомы майстар Валерый Зінкевіч прадэманструе самаробныя гуслі і пакажа, як яны вырабляліся.

ЖЫВАЯ АРХЕАЛОГІЯ

На свята «Меч Брачыслава» збяруцца археолагі з Літвы, Польшчы і Беларусі. Яны пакажуць гасцям свята цікавыя старадаўнія тэхналогіі. Прадстаўнікі клуба эксперыментальнай археалогіі «Паюта» (Літва) будуць здабываць старадаўнім спосабам дзёгаць, а госці з археалагічнага музея Біскупіна (Польшча) прадэманструюць тэхналогію вырабу шкляных пацерак.

МУЗЫКА І ТАНЦЫ

Будзе на свяце магчымасць патанцаваць і паспяваць. На Замкавай гары выступіць з канцэртам мінскі гурт PAWA. У сваёй творчасці музыканты засяроджваюць увагу на беларускіх песнях, але пры гэтым народныя мелодыі ўдала спалучаюць з сучаснымі. Гурт удзельнічаў у розных фестывалях у Беларусі і за яе межамі, акрамя гэтага, святкаванне Новага года і цэнтральны святочны салют у Мінску ў 2013 годзе адбываліся пад яго музычныя творы. ■