Форум юных даследчыкаў

Год науки Калейдоскоп

Падтрымка творчай моладзі ў прыярытэце ў нашай краіне, асабліва ў сёлетні Год навукі. Вось і ў мінулую суботу на базе СШ № 2 прайшла XVI навукова-практычная канферэнцыя навучэнцаў па грамадска-гуманітарных і прыродазнаўча-матэматычных дысцыплінах. Яна была цікавай, насычанай і аб’яднала школьнікаў, што захоплены даследаваннямі, пошукам і пад кіраўніцтвам сваіх педагогаў імкнуцца пашырыць кругагляд, паглыбіць веды ў розных галінах.1

Адкрыла канферэнцыю намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Ірына Мацук, якая адзначыла безумоўную важнасць удзелу навучэнцаў у даследчай дзейнасці: дзеці атрымліваюць новыя веды, развіваюць свае творчыя здольнасці, самастойнасць, падчас збору інфармацыі сустракаюцца з цікавымі людзьмі і набываюць каштоўны вопыт зносін. Таксама Ірына Віктараўна падзякавала настаўнікам, якія знаходзяць магчымасці для далучэння вучняў да пошукавай дзейнасці, пажадала школьнікам паспяхова абараніць свае даследаванні і асобныя словы ўдзячнасці выказала прадстаўнікам арганізацый і ўстаноў раёна Генадзю Швяцу, Вользе Ляснеўскай, Уладзіміру Палякову, Міхаілу Кахановічу, Ільі Вашкелю за ўдзел у рабоце канферэнцыі.

На сёлетні выніковы форум сабраліся 83 юныя даследчыкі і 38 настаўнікаў з Браслаўскай гімназіі, васьмі сярэдніх і чатырох базавых школ. Яны прадставілі 46 работ у васьмі секцыях, з якіх самымі шматлікімі сталі «Чалавек і свет» (10 работ), «Краязнаўства. Геаграфія» (8), «Замежная мова» (7), «Матэматыка. Фізіка. Інфарматыка» (7). Спачатку члены журы знаёміліся са зместам даследаванняў, звяртаючы ўвагу на іх навуковасць, змястоўнасць, самастойнасць выканання. Потым школьнікі, пераадольваючы хваляванне, абаранялі свае работы. Вучні пачатковых класаў даследавалі, як паводзяць сябе жывёлы і развіваюцца расліны, якія экалагічныя праблемы пагражаюць вадаёмам. А старэйшых навучэнцаў зацікавілі новыя звесткі з гісторыі Браслаўшчыны, паходжанне назваў мясцовых птушак, карысць і шкода мабільных тэлефонаў, каштоўныя дары прыроды, народныя рамёствы і многія іншыя тэмы. Выступленні дзяцей былі цікавымі, запамінальнымі і суправаджаліся мультымедыйнымі прэзентацыямі, відэаролікамі.

Адзначыўшы высокі ўзровень прадстаўленых матэрыялаў, журы выбрала больш за тры дзясяткі лепшых даследаванняў. Лідарамі па колькасці работ, якія занялі прызавыя месцы, сталі СШ № 1 — 6, СШ № 2 і Браслаўская гімназія — па 5. Па тры дыпломы заваявалі Відзаўская, Друйская і Опсаўская школы, у Ахрэмаўскага ДССШ два дыпломы і абодва І ступені.

Падводзячы вынікі форуму, Ірына Мацук падкрэсліла, што ўсе ўдзельнікі — з дыпломамі ці без іх — ужо пераможцы, бо пераадолелі цяжкасці, справіліся з хваляваннем, праявілі свае таленты, і пажадала ім не губляць імкнення шукаць і ствараць.

■ Жанна БЯЛЬКО.

Фота аўтара.