СВК «Маяк Браслаўскі»: выйшлі на фінішную прамую

Деньги
1
Аляксандр Яцына і Іван Жуцяйкін

Чатыры тысячы гектараў зоймуць сёлета яравыя культуры ў СВК «Маяк Браслаўскі». А гэта амаль чацвёртая частка ад усяго пасяўнога кліна раёна. Але, нагледзячы на такі значны аб’ём работ, хлебаробы гаспадаркі паспяхова вядуць веснавую сяўбу і ўжо выйшлі на фінішную прамую. Пра тое, як быў арганізаваны ўвесь працэс пасяўной кампаніі, чым займаюцца механізатары ў гэтыя дні, «Браслаўскай звяздзе» расказала галоўны аграном сельгаскааператыва Валянціна Таўкінь.

— Па вялікім рахунку, сезон сёлетніх веснавых палявых работ нічым асаблівым не адрозніваўся ад папярэдніх: ніякіх экстрэмальных сітуацый не ўзнікала. Калі ў суседзяў тэхніка прастойвала з-за дажджоў, у нас такога не адбывалася. На чатырох тысячах гектараў зямлі заўсёды можна было знайсці ўчасткі з непераўвільготненай глебай. У нас гэта далёкаўская зона, на якой у першую чаргу і працавалі. Праўда, на тых палях шмат камянёў, дык для іх збору штодзень выпраўлялі 2-3 каменяўборачныя машыны, у дадатак сфарміравалі з мясцовых жыхароў дзве пастаянныя брыгады па 8 чалавек, яшчэ адну збіралі па меры неабходнасці. Людзям прызначылі дастойную аплату, таму брыгада за дзень збірала па 9-10 прычэпаў камянёў. У выніку сабралі ўручную 840 тон з плошчы 240 гектараў.

Што датычыць тэмпаў работ, то, паўтаруся, вытрымалі іх, як і летась. Сяўбу збожжавых і зернебабовых, як і ў мінулым годзе, завяршылі 16 мая, паралельна пасеялі 700 гектараў рапсу, астатнія 3 030 закончылі праз два дні.

Скажу, што ніводнага гектара гэтай вясной не сеялі без мінеральных тукаў. Пры ўсіх цяжкасцях знайшлі сродкі на набыццё фосфару, якога на асобныя палеткі ўжо не ўносілі два гады. Запраўлялі, зразумела, і каліем. У нас жа з пасяўнымі агрэгатамі ў асноўным працуюць тыя, хто пазней сядзе за руль камбайнаў, дык ніводзін з сеяльшчыкаў не выязджаў на поле, пакуль наперадзе не пройдзе трактар з раскідвальнікам угнаенняў.

Акрамя гэтага, унеслі 25 тысяч тон арганікі, з якіх 9 тысяч растрэслі пад кукурузу.

Дзеля павышэння прадукцыйнасці працы, строгага захавання тэхналогіі імкнёмся зацікавіць людзей матэрыяльна. За работу ў святочныя дні аплата вядзецца ў двайным памеры. У рабочы ж дзень лепшыя механізатары зарабляюць па 40-50 рублёў. Як заўсёды, наладжана абавязковае двухразовае гарачае харчаванне.

Не ўпусцілі з поля зроку і асабістыя надзелы людзей. З сённяшняга дня (размова адбылася ў сераду) засяваць збожжавымі прысядзібныя ўчасткі выправілі трактар з «Лемкенам». Акрамя гэтага, у кожным з аддзяленняў ёсць па бульбасаджалцы і па агрэгаце для нарэзкі баразён, якімі можа скарыстацца кожны жадаючы.

Сёння ж пасяўныя атрады прыступілі да сяўбы кукурузы. Усяго яна зойме 300 гектараў. Разлічваю трэць плошчы засеяць той, што пойдзе на зерне. Насенны матэрыял купілі.

Такім чынам, мяркую, што, як і ў мінулым годзе, пасяўную завяршым не пазней за 22 мая. А ў механізатараў будзе час падрыхтаваць тэхніку да сезона нарыхтоўкі кармоў.

■ Падрыхтаваў Аляксандр АЗЕВІЧ.

Фота аўтара.