Маленькія сакрэты смачнага шашлыка

Калейдоскоп Отдых

1 (527)Смажыць мяса на агні ўмелі яшчэ нашы продкі сотні тысяч гадоў таму назад. Таму, безумоўна, шашлык па праве можна лічыць самай старажытнай стравай. Тым не менш і сёння яна карыстаецца папулярнасцю, асабліва ў летні сезон.

Каб прыгатаваць смачны і сакавіты шашлык, урэшце, як і любую іншую ежу, трэба ведаць некаторыя хітрасці. Імі з «Браслаўскай звяздой» падзялілася начальнік аддзела грамадскага харчавання райпа Наталля Руткоўская.

— Для прыгатавання шашлыка з бараніны, — кажа Наталля, — лепш узяць заднюю частку нагі ці карэйку, са свініны — шыю, з цяляціны — заднюю частку. У якасці марынаду можна выкарыстоўваць віно, вінны воцат, ёгурт, кефір, гранатавы або лімонны сок і нават садавіну, напрыклад, ківі.

Пры выбары мяса трэба памятаць, што шашлык са свініны атрымаецца мяккім, з ялавічыны — больш жорсткім, з бараніны — духмяным і сакавітым, з ягняціны — асабліва далікатным. Тым, хто шукае просты спосаб прыгатавання шашлыка, варта звярнуць увагу на мяса курыцы або індычкі. Гатаваць шашлык з мяса птушкі лёгка і хутка, праўда, часам ён выходзіць сухаваты.

Сапраўдны шашлык, адзначае Н. Руткоўская, павінен не смажыцца, а запякацца. Менавіта прыгатаваныя на вугалях ва ўласным соку кавалачкі, закаваныя ў залацістую скарыначку, і з’яўляюцца галоўным адрозненнем шашлыка ад іншых спосабаў апрацоўкі мяса.

■ Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.

Далікатнае асарці з шашлыка. Рэцэпт ад Наталлі Руткоўскай:

Нам спатрэбіцца мякаць свініны, бараніны і курыцы. Усё мяса наразаем кавалачкамі. Свініну засыпаем спецыяльнымі спецыямі, паліваем аліўкавым алеем, мінеральнай вадой і сокам лімона. У бараніну дабаўляем сухую зеляніну, перац чорны молаты, цыбулю, чырвоны вінны соус, алей. Курыцу запраўляем мёдам, часнаком, соевым соусам, маянэзам, дабаўляем імбір.

Безумоўна, не забываем пра соль. Усё гэта павінна настаяцца ад дзвюх да дзесяці гадзін у залежнасці ад віду мяса.

Прыгатаваныя кавалачкі нанізваем на шампуры і смажым над распаленымі вугалямі на мангале.