Запатрабаваны спектр паслуг РКБА

Калейдоскоп
1
Малады спецыяліст Насця Заяц пасля заканчэння Віцебскага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа па размеркаванні адпрацавала абавязковы год і надалей засталася на Браслаўшчыне. Хоць яна і працуе цырульнікам нядоўга, але ўжо мае сваё кола пастаянных кліентаў.

Раённы камбінат бытавога абслугоўвання павольна, але ўпэўнена стабілізуе сваё фінансава-гаспадарчае становішча. Імкнецца максімальна рацыянальна выкарыстоўваць сыравіну і матэрыялы, па крупінках нарошчвае аб’ёмы аказваемых бытавых паслуг. І паступова пагашае даўгі папярэдніх гадоў, а сёлета па выніках работы за першы квартал атрымаў хоць невялікі, але ж чысты прыбытак.

Традыцыйна РКБА аказвае насельніцтву раёна 7 асноўных відаў паслуг. Прычым 58 % у іх агульным аб’ёме складаюць карысныя дзеянні цырульнікаў. У двух гарадскіх дамах быту, на комплексна-прыёмных пунктах у Відзах, Пагошчы, Опсе, Ахрэмаўцах і Слабодцы 10 цырульнікаў камбіната абслугоўваюць кліентаў пастаянна, а ў Друю, Мяжаны і Мількі яны выязджаюць па графіку 2 разы ў месяц. Цэны за стрыжку, меліраванне, каларыраванне ці хімічную завіўку не павышаліся на працягу двух гадоў, і нельга сказаць, што сёння яны «кусаюцца». Напрыклад, распаўсюджаная сярод мужчын «канадка» каштуе 4,49 руб., дзіцячая стрыжка — 3,17 руб., жаночая — ад 4,67 да 9,91 руб.

Перашыць маланку, падкараціць штаны ці спадніцу, падагнаць вопратку па фігуры, увогуле пашыць, як гаворыцца, з нуля жаночы касцюм, блузку, штаны і шмат чаго іншага заўжды магчыма ў абодвух дамах быту, дзе чаруюць з лекаламі над тканінай вопытнейшыя закройшчыцы. Водгукі пра іх прафесіяналізм і спрактыкаванасць толькі станоўчыя, пра што сведчаць і запісы ў «Кнізе заўваг і прапаноў».

Нягледзячы на насычанасць рынку разнастайным абуткам, у тым ліку і танным, людзі паанейшаму, асабліва ў асенне-зімовы перыяд, здаюць яго ў рамонт. У РКБА ім шмат гадоў займаецца абутнік Іван Бальс — сапраўдны майстар сваёй справы.

Дарэчы, закройшчыцы і абутнік надаюць другое жыццё і тым рэчам, якія сельскія жыхары нясуць у рамонт на комплексна-прыёмныя пункты.

Хоць паслугамі пральні РКБА на 88 % карыстаюцца прадпрыемствы і арганізацыі, але ў апошні час памыць, высушыць і адпрасаваць тут пасцельную бялізну, плед, рабочае адзенне, нават коўдру (калі няма супрацьпаказанняў) усё больш жадаюць і хатнія гаспадыні. Да таго ж, мабыць, не ўсе і ведаюць, што праз прыёмшчыцу заказаў РКБА можна здаць у хімчыстку не толькі заплямленую вопратку, але і пуха-пер’евыя падушкі. Вычышчаных і перасыпаных у новую абалонку, іх праз 2 тыдні даставяць з Віцебска пухлымі. Прычым кошт паслуг хімчысткі даволі прымальны. Скажам, на чыстку адной падушкі патрэбна ў сярэднім 10 руб., дывана — 3,90 руб. за 1 м2, на выдаленне плям з мужчынскага касцюма — 15,60 руб., зімовага паліто — 26,52 руб., футра — 1,16 руб. за 1 кг вагі.

Для гаспадарчых патрэб у РКБА магчыма заказаць і транспарт. Па тарыфе 15 руб. за гадзіну работы трактар апрацуе агарод, перавязе дровы, сена, іншыя грузы як у самім Браславе, так і іншым населеным пункце.

У сельскай мясцовасці не спадае патрэба ў рытуальных паслугах РКБА. Таму на КПП заўжды ёсць у наяўнасці вянкі, кошыкі з кветкамі і іншыя рэчы, неабходныя падчас пахавання нябожчыка.

Як бачна, хоць спектр прапаноў камбіната даволі ўстойлівы на працягу некалькіх апошніх гадоў, але ён на практыцы даказаў сваю жыццяздольнасць і запатрабаванасць.

■ Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара.