Альберт Бялусь непарыўна звязаны са святам «Браслаўскія зарніцы»

"Браслаўскім зарніцам -- 50"

imageАльберт Бялусь дэбютаваў на свяце «Браслаўскія зарніцы» яшчэ ў школьным узросце: давялося выступаць у складзе опсаўскага хору. Калі ж у 1978 годзе пасля вучобы вярнуўся працаваць на Браслаўшчыну, то зноў уліўся ў фестывальнае жыццё: акампаніраваў хору і кіраваў аркестрам выкладчыкаў. А на пасадзе загадчыка аддзела культуры давялося займац- ца арганізацыяй свята 15 гадоў запар.

— Альберт Альфонсавіч, наколькі складана займацца падрыхтоўкай такога маштабнага мерапрыемства?

— Складана, аднак мне пашчасціла працаваць з выдатнай камандай. Гэта Таццяна Міхайлава, Ігар Крот, Валянціна Кезік. Да таго ж падчас падрыхтоўкі да свята ні адна арганізацыя не заставалася ўбаку. Дапамагалі чым маглі: фінансамі, транспартам, працоўнай сілай. Як толькі заканчваліся адны «Браслаўскія зарніцы», мы адразу ж пачыналі думаць пра наступныя. Ужо восенню сустракаліся, кожны прыходзіў са сваёй ідэяй — выпрацоўвалі новую канцэпцыю мерапрыемства. Спрачаліся, абмяркоўвалі, зноў спрачаліся, але ў выніку нараджалася тэма свята. Пасля гэтага ішло абмеркаванне і напісанне сцэнарыя і г. д. Кожны год «Браслаўскія зарніцы» прысвячаліся пэўнай тэме, і ўвесь час мы скрупулёзна збіралі інфармацыю, працавалі з людзьмі, думалі, як будзе выглядаць сцэна, і інш. Памятаеце, у Леснічоўцы была стацыянарная сцэна з вялікімі прыступкамі. Заўсёды ўзнікала цяжкасць, як яе задэкарыраваць. І даволі часта сцэнарый грунтаваўся вакол сцэны. Адзін год ператварылі яе ў карабель, які «плыў» па Дзвіне і «збіраў» калектывы, у другі прадставілі яе ў выглядзе капелюша і інш.

— Як рыхтавала- ся канцэртная праграма?

— Шмат працаваць прыходзілася з дапамогай тэлефона. Даводзілася звяртацца да кіраўнікоў розных творчых калектываў і расказваць пра фестываль. Дарэчы, артысты павінны былі выконваць 3 песні і адна з іх — абавязкова беларуская. Асаблівая ўвага ўдзялялася мясцовым калектывам: яны заўсёды мелі магчымасць выступіць на гала-канцэрце. На «Браслаўскія зарніцы» з задавальненнем прыязджалі і прызнаныя майстры сцэны. Напрыклад, Анатоль Ярмоленка, Міхаіл Фінберг, Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская. Запомнілася, што А. Ярмоленка сам тэлефанаваў, удакладняў дэталі выступлення і інш.

— Магчыма, нейкія падзеі запомніліся асабліва?

— Падчас свят абывалася шмат запамінальных выпадкаў. Узгадаю некалькі. Першы быў звязаны з запрошанымі калектывамі. Даволі часта на «Браслаўскія зарніцы» псуецца надвор’е. У адзін год мы запрасілі Дзяржаўны ансамбль танца, перад самым яго выступленнем лінуў дождж і на сцэнічнай пляцоўцы з’явіліся вялізныя лужы. А ў танцораў — прыгожыя касцюмы і абутак. Аднак яны не адмовіліся выступаць. Выйшлі і адпрацавалі сваю праграму на вышэйшым узроўні. Глядач быў задаволены. Другі выпадак звязаны з афармлен- нем сцэны. Неяк перад самым святам мы засталіся без мастака. Што рабіць? Даведаліся, што на Браслаўшчыну прыязджае мастак з Мінска Мікалай Стас. Звярнуліся па дапамогу да яго. Ён пагадзіўся і аформіў сцэну ў Леснічоўцы згодна са сцэнарыем. Калі прапанавалі аплаціць яго працу, то мастак адмовіўся і сказаў, што гэта падарунак Браславу.

— Вашы пажаданні святу традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы».

— Хочацца, каб свята не губляла сваёй народнай разынкі і нацыянальнага каларыту. Няхай задумкі арганізатараў увасабляюцца ў жыццё, а канцэртная праграма будзе запатрабавана гледачом. Доўгіх гадоў жыцця святу!

— Дзякуй за цікавую размову.

■ Гутарыла Алена НАБЕЕВА.