Дзень сімвалаў незалежнай Беларусі ў Браславе

Общество

3 Штогод у другую нядзелю мая беларусы адзначаюць свята асноўных сімвалаў краіны — Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Не праходзіць яно незаўважным і на Браслаўшчыне. Урачыстасці з гэтай нагоды адбыліся 14 мая ў дворыку першай гарадской школы.

Сёлета гэты дзень акурат супаў з чыслом, калі беларусы ў 1995 годзе па выніках усенароднага апытання далі згоду на прыняцце сучасных дзяржаўных сімвалаў: 4герба ў выглядзе зямнога шара і вянка з каласоў, пераплеценых стужкай з кветкамі канюшыны і льну, і чырвона-зялёнага сцяга з традыцыйным арнаментам.

Менавіта ўпрыгажэннямі ў колерах сучаснай незалежнай Беларусі сустракала першая школа ўсіх, хто сабраўся разам у гэты святочны дзень, — вучняў, настаўнікаў, прадстаўнікоў раённага кіраўніцтва і арганізацый. А пачаліся ўрачыстасці з узняцця дзяржаўнага сцяга. Ганаровую місію выканалі адны з лепшых вучняў Браслаўшчыны — гімназіст Раман Шукель і вучаніца СШ № 1 Дар’я Надысева. Падчас гучання гімна на тварах дарослых і дзяцей чыталася разуменне важнасці падзеі. Уразіла прысутных і яскравае маштабнае шэсце-замалёўка са сцягамі. Яно выглядала вельмі знакава: на фоне блакітнага чыстага неба развяваліся чырвона-зялёныя палотнішчы — сімвалы нашай роднай і свабоднай краіны.1

Ролю свята ў цяперашнія дні адзначыла ў сваім віншавальным слове намеснік старшыні райвыканкама Вольга Вялічка. Сімвалічным было і прыняцце ў гэты дзень маладых хлопцаў і дзяўчат у рады Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі: членамі самай вялікай маладзёжнай арганізацыі сталі 28 вучняў. Ад імя сваіх равеснікаў з абяцаннямі шанаваць мінулае і далей будаваць светлую будучыню выступіла актывістка Вікторыя Рушакова.2

У гонар роднай краіны гучалі песні і вершы ў выкананні маладых браслаўчан. А напрыканцы ўрачыстасці ў неба ўзняліся чырвона-зялёныя паветраныя шары.

■ Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара.