Яшчэ з гісторыі развіцця «Браслаўскіх зарніц»

"Браслаўскім зарніцам -- 50"


ZARNICYСвята народнай творчасці «Браслаўскія зарніцы» з’яўляецца адметнай падзеяй у культурным жыцці. Гэта пацвярджае гісторыя яго развіцця.

У 2001-м годзе «Браслаўскія зарніцы» праходзілі ў 2 дні. Так, у першы на беразе возера Дрывяты адбылася водная феерыя з удзелам артыстаў з Мёр, Шаркаўшчыны і Наваполацка, якая скончылася тут жа дыскатэкай. Акрамя гэтага, жыхары сельскай мясцовасці сустракалі ў сваіх населеных пунктах гасцей свята. На другі дзень адбыўся гала-канцэрт калектываў з Верхнядзвінска, Сянно, Пастаў, Браслава і Даўгаўпілса. Раскінуўся ў Леснічоўцы і вялікі «Горад майстроў». Па-за сцэнай таксама працавалі гандлёвыя рады.

Багата гасцей свята сабрала ў 2003 годзе. На сцэне ў Леснічоўцы выступілі лаўрэаты рэспубліканскіх конкурсаў і носьбіты розных культур. Гэта вакальныя групы «Добры дзень» з Наваполацка, «Радзімічы» з Полацка, «Натхненне» з Ушач, «Джана Рома» з Ашмян, парадавалі сваімі выступленнямі мясцовыя калектывы «Крэда» з Дрысвят, «На панадворку» Браслаўскага РДК, «Усмешка» з Відзаў. Акрамя культурнай забавы, на «Зарніцах» арганізавалі спаборніцтвы і атракцыёны.

У 2004-м свята праходзіла пад лозунгам «Мы за здаровы лад жыцця». Святочныя мерапрыемствы адбываліся на цэнтральнай плошчы горада, у Леснічоўцы і на стадыёне. У цэнтры ўвагі, вядома ж, спартсмены. Таму прайшлі футбольныя і валейбольныя матчы, спаборніцтвы па шашках і шахматах і г. д. Пасля спартыўнай часткі пачалася мастацкая. Тры гадзіны доўжыўся канцэрт у Леснічоўцы, дзе, акрамя самадзейных артыстаў, выступілі Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р. Шырмы і Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі.

Цудоўнымі песнямі і іскрамётнымі танцамі адзвінелі «Зарніцы» ў 2006 годзе, і прысвячаліся яны дзяцінству. Сцэна ў Леснічоўцы гучала галасамі юных выканаўцаў. Адзін аднаго змянялі творчыя дзіцячыя калектывы з Верхнядзвінска, Мёр, Расон, Гарадка, Шаркаўшчыны, Наваполацка і іншых гарадоў.

У 2009 годзе свята перарасло ў міжнароднае і праходзіла 2 дні. У суботу мастацкія калектывы з Літвы, Латвіі, Расіі, Польшчы і Украіны выступілі на сцэнічных пляцоўках аграгарадкоў, а вечарам у Леснічоўцы адбылося ўшанаванне перадавікоў веснавой сяўбы. Сапраўднае задавальненне падарылі гледачам госці з краін-суседак, а таксама калектывы з Пастаў, Мёр і Браслава ў нядзелю падчас гала-канцэрта. Маштабна праходзіў «Горад майстроў», дзе да выставак майстроў і мастакоў далучыліся школы і цэнтр дзіцячай творчасці. Два дні кіпелі баталіі і на спартыўных пляцоўках, дзе змагаліся каманды з суседніх райцэнтраў і Даўгаўпілса.

У 2010 годзе свята праходзіла з асаблівым размахам, бо супала з юбілеямі горада і раёна. У пятніцу ў РДК прайшлі фіналы конкурсаў «Міс Браслава-2010» і «Маладыя галасы», у суботу днём на Замкавай гары адбыліся мерапрыемствы, прысвечаныя 945-годдзю Браслава, вечарам у Леснічоўцы браслаўчане адзначылі 70-годдзе ўтварэння раёна. Фесты- вальная праграма завяршылася ў нядзелю гала-канцэртам, у якім прынялі ўдзел запрошаныя калектывы Польшчы, Літвы, Латвіі, Украіны і Расіі.

У 2013-м павялічылася колькасць удзельнікаў свята. Так, разам з беларускімі калектывамі ўдзел у ім прынялі госці з Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы, Венесуэлы, Эстоніі, Арменіі і Азербайджана. Арганізатары за два дні правялі парад дзіцячых калясак, абласны конкурс «Браслаўская харавая асамблея», агляд падвор’яў «Браслаўскі фальварак», свята сярэднявечнай культуры «Меч Брачыслава» і іншыя цікавыя мерапрыемствы. Якімі будуць «Браслаўскія зарніцы-2017», даведаемся ўжо праз пару тыдняў.

■ Падрыхтавала Алена НАБЕЕВА.