Як прайшоў Дзень Перамогі

Калейдоскоп

12З кожным годам усё больш аддаляюцца ад нас падзеі Вялікай Айчыннай вайны, радзеюць шэрагі ветэранаў. Тым не менш сучаснае пакаленне не мае права забываць жудасныя часы ваенных дзеянняў. Наш святы абавязак — захаваць памяць і выхоўваць у грамадзян пачуццё павагі, удзячнасці і пашаны да тых, хто абараняў нашу будучыню і мір.

16

Штогод сотні браслаўчан прыходзяць на ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 9 Мая. Вось і ў сёлетні майскі дзень, нягледзячы на прахалоднае надвор’е, на плошчы перад райвыканкамам сабраліся гараджане з букетамі кветак і рознакаляровымі паветранымі шарамі ў руках. У рамках усебеларускай акцыі «Кветкі Вялікай Перамогі» актывісты БРСМ раздавалі жадаючым святочныя бутаньеркі. Усе прысутныя з нецярпеннем чакалі пачатку ўрачыстасцей. Несумненна, у цэнтры ўвагі былі ветэраны, якія занялі свае пачэсныя месцы на плошчы. Іх напачатку святочнага мерапрыемства асабіста віталі кіраўнікі раёна — старшыні райвы- канкама і райсавета Уладзімір Дранеўскі і Ніна Пучынская. 15У першую чаргу яны падышлі да ветэранаў, паціснулі рукі і шчыра падзякавалі за неацэнны ўклад у набліжэнне Вялікай Перамогі. У знак удзячнасці ад нашчадкаў Уладзімір Дранеўскі і Ніна Пучынская ўручылі ганаровым удзельнікам свята кветкі і памятныя падарункі.

IMG_1068

 

Тэатралізаваная пастаноўка «Памяць спаленых вёсак», падрыхтаваная работнікамі культуры, прадстаўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый горада, школьнікамі, паказала трагічнасць і жудаснаць падзей Вялікай Айчыннай вайны. Цяпер на папялішчах вёсак стаяць шэрыя помнікі, а магло б кіпець жыццё. Пастаноўка яшчэ раз нагадала, наколькі трэба быць удзячнымі нашым дзядам і прадзедам за магчымасць жыць пад мірным небам.

14

Святочнай калонай накіраваліся прадстаўнікі працоўных калектываў, сілавых структур горада і раёна да помніка загінулым, каб ускласці кветкі і ўшанаваць памяць тых, хто аддаў сваё жыццё, вызваляючы нашу Радзіму. Узначалілі калону ветэраны, а ўслед за імі ішлі вучні гарадскіх школ з партрэтамі сваіх родных, чый лёс звязаны з вайной.

13

Пачаўся мітынг-рэквіем з выступлення гімназісткі Лады Сінькевіч і рэжысёра народнага тэатра Яўгена Набеева. Пранікнёны зварот юнай дзяўчынкі да бацькі, які не вярнуўся з вайны, у многіх выклікаў слёзы на вачах.

Віншуючы прысутных са святам Перамогі, старшыня райвыканкама Уладзімір Дранеўскі падкрэсліў, што ўрокі Вялікай Айчыннай вайны не павінны забывацца. Дзеля гэтага аднаўляюцца і рэканструіруюцца абеліскі і помнікі загінулым, будзе працягвацца работа ў гэтым накірунку і далей. Да сёлетняга свята, напрыклад, былі заменены мемарыяльныя пліты на помніку ў Браславе.

На мітынгу таксама выступілі ваенны камісар раёна Віталь Грамніцкі, старшыня РГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Леанід Мікшта, вучаніца школы № 2 Кацярына Іоч. Скончыўся мітынг-рэквіем хвілінай маўчання, салютам і ўскладаннем вянкоў і кветак.

 

Урачыстасці з нагоды Дня Перамогі прадоўжыліся ў РЦК, дзе быў паказаны спектакль «Радавыя» па п’есе Аляксея Дударава ў пастаноўцы народнага тэатра, і на стадыёне, дзе адбываліся сяброўскія сустрэчы паміж футбольнымі камандамі.11

■ Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.