Па слядах вайны

Главное

Прапануем вам, паважаныя чытачы, адправіцца па слядах вайны, ускласці кветкі да помнікаў і ўшанаваць памяць загінулых.

СЁСТРЫ ХАТЫНІ

Падчас акупацыі нямецкімі войскамі Браслаўскага раёна адным з асноўных прыёмаў і спосабаў ажыццяўлення нацысцкай палітыкі з’яўлялася знішчэнне населеных пунктаў разам з жыхарамі. Частка паселішчаў аднавілася ў пасляваенны час, а ў некаторых так і не загучала людская гаворка, як, напрыклад, здарылася з вёскай Лабэцкія. Яе спалілі ў лютым 1943 пасля таго, як стала вядома, што жыхары хавалі старога яўрэя.

ПАМЯЦЬ ПРА ЗЕМЛЯКОЎ

Пасля вызвалення Браслаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у канцы ліпеня 1944 года многія мясцовыя жыхары папоўнілі рады Чырвонай Арміі. Па даных кніг прызыву за 1944 год вынікае, што на фронт адправіліся больш за 3 тысячы чалавек. Не ўсе вярнуліся дадому. Вядома больш за 1 300 прозвішчаў нашых землякоў, якія загінулі. У некаторых населеных пунктах Браслаўшчыны ўстаноўлены адпаведныя помнікі ў гонар загінулых і зніклых без звестак. Адзін з іх знаходзіцца ў аграгарадку Іказнь, дзе таксама многія жыхары так і не дачакаліся з вайны сваіх блізкіх.

НЕЗАБЫЎНЫЯ ПОДЗВІГІ

IMG_0959Надзейнымі памочнікамі вайскоўцаў і партызан былі падпольшчыкі. Яны, рызыкуючы сваім жыццём, перадавалі важныя звесткі і распаўсюджвалі лістоўкі. Вольга Максімовіч — піянерка, якая ўстанавіла сувязь з партызанамі і не раз паспяхова выконвала іх даручэнні, але аднойчы, вяртаючыся з задання, дзяўчынка была схоплена немцамі і расстраляна. У вёсцы Замошша ёй устаноўлены помнік, а імя Вольгі Максімовіч занесена ў спісы ганаровых байцоў батальёна беларускіх арлянят.

 

РАТУЮЧЫ БУДУЧЫНЮ

Вызваленне тэрыторыі Браслаўшчыны пачалося ў першыя дні ліпеня 1944 года. Пра кровапралітнасць баёў сведчыць мноства брацкіх магіл і воінскіх паха IMG_0961ванняў на тэрыторыі раёна. Шмат вайскоўцаў атрымалі за праяўлены гераізм ордэны, медалі, падзякі камандавання, некаторыя — пасмяротна. Сярод іх — маёр Аляксей Жданаў. Яго падраздзяленне трапіла ў акружэнне. Некалькі гадзін батальён адбіваў атаку, нашы вайскоўцы падбілі 3 танкі і 2 гарматы, знішчылі значную колькасць салдат праціўніка. На месцы апошняга бою Героя Савецкага Саюза, непадалёку ад вёскі Бейнары, устаноўлены помнік.

БЯЗВІННЫЯ АХВЯРЫ

Жудасная трагедыя яўрэйскага народа — злачынства, якога не ведала гісторыя чалавецтва, ніколі не будзе сцёрта з памяці людзей. На Браслаўшчыне падчас Вялікай Айчыннай вайны былі створаны гета, дзе праходзілі масавыя расстрэлы. Найбуйнейшае пахаванне знаходзіцца ў Браславе на вуліцы Дзяржынскага: расстраляна больш за 4 000 чалавек.

■ Падрыхтавала Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.