МАЙСТЭРСТВА І ТАЛЕНТ. З цыклу публікацый на тэму «Браслаўскіх зарніц»

"Браслаўскім зарніцам -- 50"
IMG_2234
«Браслаўскія зарніцы» 1990 года прысвячаліся 45-й гадавіне Вялікай Перамогі.

 Мы працягваем цыкл публікацый, прысвечаных гісторыі і развіццю свята «Браслаўскія зарніцы». Нагадваем, што ў хуткім часе будзе надрукавана віктарына, пераможца якой атрымае ўзнагароду.

У 90-я гады свята нацыянальнай культуры працягвае актыўна развівацца, але з захаваннем закладзеных традыцый. Таксама ў яго межах з’яўляюцца розныя творчыя пляцоўкі і выстаўкі. Кожны год арганізатары пашыралі спіс запрошаных калектываў і гасцей.

У 1990 годзе на мерапрыемстве ўшаноўвалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, бо святкавалася 45-годдзе Перамогі. Калонай у суправаджэнні духавога аркестра і юнакоў-сцяганосцаў прайшліся яны (ветэраны) па вуліцах горадах, усклалі кветкі да помніка У. І. Леніну і накіраваліся ў Леснічоўку. Там на сцэнічнай пляцоўцы артысты народнага тэатра паказалі тэатральную пастаноўку, прайшло выступленне зводнага хору, мясцовых і мінскіх самадзейных калектываў. Хапала забаў і па-за сцэнай. Так, адбыліся спаборніцтвы, сельскагаспадарчая латарэя, працавалі гандлёвыя рады.

У 1994 годзе «Браслаўскія зарніцы» прысвячаліся сям’і, а галоўнымі героямі сталі дзеці. Юныя браслаўчане выступалі на канцэртнай пляцоўцы, іх забаўлялі клоўн Гоша і Карлсан. Дзяцей узнагароджвалі прызамі за ўдзел у конкурсах. Падарункам для ўсіх у гэты год стала выступленне спевакоў Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча з групай «Шчаслівы выпадак», а таксама ансамбля «Вяселле».

У 1996 годзе фестываль праходзіў пад дэвізам «Сёння ў нашай хаце свята». У яго рамках адбыліся свята ткацтва, падрыхтаванае музейнымі работнікамі, і выставы вырабаў школьнікаў. На сцэне ж людзей забаўлялі калектывы са Слабодкі, Завер’я, Дрысвят, Відзаў-Лаўчынскіх, Друйска і Опсы. Аднак усе творчыя планы перакрэсліў праліўны дождж. З-за яго давялося перанесці канцэрт запрошанага гурта «Талака» ў РДК. Аднак гледачы там не сабраліся і выступленне прафесіяналаў увогуле адмянілі.

У 1997 годзе святкавалася 30-годдзе «Браслаўскіх зарніц». На іх ушаноўвалі перадавікоў веснавой сяўбы і людзей, якія стаялі ля вытокаў фестывалю. Кожнаму, хто выходзіў на сцэну, уручалі кветкі і хлебны каравай. З нагоды юбілею былі адноўлены кавалачкі сцэнарыяў мінулых фестываляў. У канцэрце па традыцыі прынялі ўдзел мясцовыя калектывы, а завяршыла яго выступленне аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга і салістаў Ларысы Грыбалёвай, Мікалая Скорыкава, Стэлы і інш. Дапаўненнем да асноўнай праграмы свята былі выстаўкі народных майстроў, спартыўныя спаборніцтвы і гандлёвыя рады.

У 1998 годзе «Браслаўскія зарніцы» ўпершыню працягваліся два дні і набылі абласны статус. У першы дзень прайшоў конкурс народных майстроў вобласці «Лазовы прут», а на сцэнічнай пляцоўцы адбывалася свята беларускай кухні. У нядзелю ў Леснічоўцы праходзіў святочны галаанцэрт з удзелам калектываў Браслаўшчыны, Верхнядзвінска, Пастаў, Талочына, Расон.

У 1999 годзе свята набыло рэгіянальны статус і таксама працягвалася два дні. У першы адбыўся эстрадны канцэрт у Леснічоўцы з удзелам калектываў з Полацка, Наваполацка, Пастаў, які завяршыўся апоўнач дыскатэкай. На другі дзень браслаўчан радавалі выступленнем зводны хор, калектывы з Жодзіна, Віцебска, Верхнядзвінска і госці з Прыбалтыкі. Акрамя канцэрта, праводзіліся спартыўныя спаборніцтвы, гульнявыя праграмы, працавалі атракцыёны.

■ Алена НАБЕЕВА.

Фота з фондаў Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў