Змагаюцца за кожны гектар

Экономика и финансы

1На раніцу 2 мая хлебаробы КУСП «Відзаўскі» збожжавымі і зернебабовымі паспелі засеяць трэць адведзеных пад гэтыя культуры плошчаў. Яшчэ на дзесяці гектарах паклалі ў глебу насенне рапсу. Паказчык вышэйшы за сярэднераённы, аднак далёка не той, на які разлічвалі, пачынаючы палявыя работы, кіраўніцтва і агранамічная служба гаспадаркі.

— За амаль трыццаць гадоў работы ў раслінаводчай галіне такіх прыродных катаклізмаў, як гэтай вясной, не прыпомню, — з гэтымі словамі сустрэла мяне на полі, дзе механізатары рыхтавалі глебу пад рапс, галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Аліна Зайкоўская. — За ўвесь час веснавой сяўбы яшчэ ні разу куртку з плячэй не зняла. Хіба сёння, здаецца, надвор’е парадуе.

Сапраўды, як сёлета ўправяцца з веснавой сяўбой хлебаробы не толькі нашага раёна, а і Віцебшчыны ў цэлым, прадказаць цяжка. Змагацца даводзіцца за кожны гектар, кожны сухі пагорак, а гэта і трата часу, і расход паліва. Таму многае залежыць ад арганізацыі працы, умелага манеўрыравання тэхнікай.

Напрыклад, ва ўзгаданым «Відзаўскім» агрэгатам АПП-6 сяўбу вядзе вопытны працавіты механізатар Пётр Чайкоўскі. А з СЗУ-3,6, якой ужо ніхто не ведае колькі гадоў, працуе Часлаў Стацэвіч. І апошні, нягледзячы на тое, што захоп яго сеялкі напалову меншы, чым у напарніка, абагнаў першага па засеяных плошчах. І, як гаварыла Аліна Пятроўна, калі б не захаваўся гэты старэнькі агрэгат, лёгкі і манеўраны, сяўба стаяла б пад пагрозай зрыву, бо з сучасным АПП проста развярнуцца няма дзе — глеба вільготная.

Апавядаючы далей пра стратэгію сёлетняй сяўбы, галоўны аграном расказвала так:

— На выбраны для работы ўчастак спачатку выпраўляем на лёгкіх трактарах з культыватарамі Леаніда Роліка і Вацлава Бейнара, якія, што называецца, спрабуюць глебу на зуб. Калі ўсё ідзе нармальна, да іх далучаецца Браніслаў Кажанеўскі на энерганасычаным трактары з культыватарам. А пазней вырашаем, каму сеяць, — Пятру ці Чаславу.

Адным задаволена гэтым часам спецыяліст: здолелі падкарміць па першым разе ўсе азімыя і рапс, набылі мінеральныя ўгнаенні і для другой падкормкі. Гэтую работу на «Дзвіне» выконвае Казімір Радзевіч, бо яго машыне пераўвільготненая глеба не перашкода.

Унесла надвор’е свае карэктывы і ў структурны склад яравога збожжавага кліна. Аўсом, які не баіцца вільгаці, занялі большую плошчу, чым планавалі раней. Няхай ён асаблівым попытам не карыстаецца, але ж лепш паспець засеяць палі, чым яны пры позняй сяўбе іншымі культурамі не дадуць ураджаю наогул.

У цэлым жа хлебаробы КУСП «Відзаўскі», як і іх калегі з усіх астатніх гаспадарак, настроены працаваць хоць кругласутачна, дало б толькі свабоду надвор’е рыхтаваць глебу, сеяць, а не змагацца за кожны гектар.

■ Аляксандр АЗЕВІЧ.

Фота аўтара