93-я вясна ветэрана

Главное Люди

1Усё далей адыходзяць у гісторыю падзеі Вялікай Айчыннай вайны. З кожным годам менш застаецца тых, хто памятае гады ваеннага ліхалецця і шчаслівы Дзень Перамогі. Сярод іх і Васіль Васюковіч з Вайнюнцаў.

Нягледзячы на паважны ўзрост ветэрана, вельмі здзівілі яго адкрыты твар, светлыя вочы і трывалая памяць. З хваляваннем у голасе ён звярнуўся да цяжкіх успамінаў.

На фронт Васіль Фёдаравіч трапіў дваццацігадовым юнаком пасля вызвалення Браслаўшчыны ў 1944 годзе. Тым не менш ледзяны подых вайны адчуў на сабе ў поўнай меры. Свой першы бой мінамётчык В. Васюковіч прыняў у Прусіі. І да сённяшняга часу ён з дакладнасцю памятае дату і час наступлення Чырвонай Арміі.

— Безумоўна, было жудасна, — узгадвае ветэран, — здавалася, што кожная куля ляціць менавіта ў мяне. Потым страх паціху знік і прыйшла спакойная развага. І ён мужна змагаўся з немцамі, пакуль знянацку не параніла шалёная куля. Белая заслона імгненна закрыла ўсё перад вачамі — і баец страціў прытомнасць. Ачуняў у шпіталі, дзе лячыўся тры месяцы. Затым салдата зноў накіравалі на фронт.

Са слязьмі на вачах Васіль Фёдаравіч расказвае пра дзень, калі па радыё аб’явілі пра заканчэнне вайны.

— Ад гэтых слоў, — кажа суразмоўца, — спачатку мароз прабег па целе, а затым кроў пачала біць у скроні. Мы радаваліся, абдымаліся і плакалі.

Хапіла спраў на нямецкай тэрыторыі і пасля перамогі. Ахоўваў склады і вуліцы, вывозіў снарады. Дамоў трапіў толькі ў 1948 годзе.

Шмат часу прайшло, а жудасныя карціны ваеннага ліхалецця не-не ды праплывуць перад вачыма ветэрана. Сёлета В. Васюковіч сустрэне 72-і Дзень Перамогі, падчас якога абавязкова прыгадае сваіх баявых таварышаў, употай змахне слязу і з радасцю прыме віншаванні ад родных і блізкіх людзей.

■ Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.