Трымайце вуды далей ад правадоў

Калейдоскоп

6611093З надыходам цяпла шмат рыбаловаў-аматараў, у тым ліку і самых юных, імкнуцца ў вольны час да вадаёмаў. А паблізу іх нярэдка праходзяць паветраныя лініі электраперадач. Цяпер у рыбаловаў вялізны выбар снасцей, у тым ліку і вудаў даўжынёй да 12 метраў. Калі такую снасць падняць пад ЛЭП, гэтага можа быць больш чым дастаткова, каб трапіць пад напружанне…

Небяспека электрычнас- ці заключаецца ў тым, што часам рызыка паражэння электратокам узнікае на- ват пры набліжэнні на недапушчальную адлегласць да токавядучых частак электраабсталявання, без прамога кантакту з імі. І сумная статыстыка мінулых гадоў пацвярджае: рыбалка пад паветранымі лініямі электраперадач — смяротная небяспека.

Так, у чэрвені 2015 г. у Ляхавіцкім раёне Брэсцкай вобласці загінуў рыбалоўаматар, які закідваў вуду з маста і наблізіў вудзільна на недапушчальную адлегласць да правадоў ПЛ-110 кВ. У тым жа месяцы аналагічны няшчасны выпадак адбыўся і з двума жыхарамі г. Мінска, якія паблізу ЛЭП закідвалі вуды з надзіманай лодкі на вадаёме Стаўбцоўскага раёна. Праўда, ім пашанцавала больш: з электратраўмамі іх даставілі ў бальніцу. У красавіку мінулага года ў Чыгуначным раёне г. Гомеля на насыпе паміж двума азёрамі пад правадамі ЛЭП напружаннем 110 кВ быў знойдзены пацярпелы ў абгарэлай верхняй вопратцы без прыкмет жыцця, а таксама элементы аплаўленага вугляпластыкавага вудзільна.

Прычынай гэтых трагічных здарэнняў стала асабістая неасцярожнасць, невыкананне пацярпелымі мер бяспекі ў ахоўных зонах ЛЭП. А дастаткова падчас рыбалкі прытрымлівацца некалькіх простых правіл. Перад тым, як раскласці вуду, упэўніцеся ў тым, што не знаходзіцеся ў ахоўнай зоне электрычных сетак: не бліжэй за 10 м да ПЛ-10 кВ, 15 м — ПЛ-35 кВ, 20 м — ПЛ-110 кВ. Каб пазбегнуць выпадковага датыкання ці набліжэння вудзільна на небяспечную адлегласць да правадоў, у час пераходу з месца на месца неабходна папярэдне яго складваць. І абавязкова патлумачце дзіцяці правілы паводзін паблізу ліній электраперадач, калі падарылі яму тэлескапічную вудачку.

Дадам, што, як правіла, у месцах перакрыжавання ЛЭП з вадаёмамі ці набліжэння да іх на апорах устаноўлены папераджальныя яркія плакаты, грэбаваць іх патрабаваннямі смяротна небяспечна.

З надыходам пажаранебяспечнага перыяду таксама неабходна памятаць пра забарону выпальвання сухой расліннасці на землях, размешчаных пад лініямі электраперадач, як і на тых, што прымыкаюць да тарфяных масіваў і энергетычных аб’ектаў.

■ Сяргей ШАКУР, начальнік Браслаўскай РЭІ.