Шматдзетная сям’я Нужыных

Люди

2Што ў доме Ганны і Андрэя Нужыных з Браслава пануе атмасфера добразычлівасці, гармоніі і парадку ва ўсім, упэўнілася падчас нядаўняй сустрэчы з імі. А яшчэ пакоі іх новай кватэры напоўнены вясёлымі галасамі пяці дзетак.

— Шматдзетную сям’ю з мужам не планавалі, — кажа Ганна. — Тым не менш вельмі шчаслівыя, што ў жыцці ўсё склалася менавіта такім чынам. Усе нашы дзеці жаданыя і любімыя.

Старэйшы сын Канстанцін вучыцца ў 9 класе гімназіі. Сур’ёзны, разважлівы хлопец радуе бацькоў сваімі поспехамі ў вучобе, пра што сведчаць шматлікія граматы за перамогі на алімпіядах. Ён надзейны памочнік, які прыгледзіць за малодшымі, дапаможа сёстрам зрабіць урокі, напячэ ўсім смачных бліноў. Да таго паспявае займацца на гітары ў ЦДіМ. Адзінаццацігадовай Насці падабаецца бавіць час з брацікам і сястрычкай. Яна, нібыта настаўніца, чытае ім кнігі, вучыць маляваць і лічыць. Таленавітая Крысціна ў свае дзесяць гадоў добра спявае, асвойвае азы ігры на фартэпіяна. Свае характары фарміруюцца ў пяцігадовага Сярожы і трохгадовай Карыны.

Бацькі выхоўваюць сваіх дзяцей па хрысціянскіх запаведзях у дабрыні і спагадзе да іншых, вучаць суперажываць, радавацца поспехам. Адносіны паміж дзецьмі ў гэтай вялікай сям’і не проста сяброўскія, яны даверлівыя і прасякнуты цеплынёй і пяшчотай адзін да аднаго.

Вядома, быць шматдзетнай сям’ёй вельмі складана: даводзіцца старанна і скрупулёзна планаваць сямейны бюджэт, каб на ўсё хапіла. Трэба кожнага ахутаць увагай і пяшчотай. Безумоўна, асноўныя клопаты па доглядзе дзяцей — адправіць іх у сад і школу, сустрэць, накарміць, прыбраць у хаце — кладуцца на Ганну. Але трывалай апорай для жанчыны быў і застаецца яе муж Андрэй.

Раней сям’я жыла ў ведамасным доме сельгаспрадпрыемства ў Рубяжы. А два гады таму назад яна пераехала ў новую чатырохпакаёвую кватэру, будаўніцтва якой аплаціла дзяржава. Нужыны вельмі ўдзячны за клопат і значную дапамогу шматдзетным сем’ям з боку ўлады нашай краіны.

І цяпер з вялікім задавальненнем яны збіраюцца ўсе разам, каб за смачнай вячэрай расказаць пра свае справы і навіны.

■ Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.