Забяспечваюць звадкаваным газам

Калейдоскоп

5969dce7e9752e6c74cd6ea267e25233_160x211Жыхары раёна, можна сказаць, параўнальна даўно ацанілі зручнасці і перавагі прыроднага газу перад іншымі відамі паліва і актыўна ствараюць кааператывы па газіфікацыі. Напрыклад, толькі з 70-працэнтнай бюджэтнай кампенсацыяй затрат на праектаванне і будаўніцтва газаправода ВУ «Браслаўгаз» плануе і сёлета забяспечыць блакітным палівам 6 такіх спажывецкіх кааператываў, тым больш што газавая труба сярэдняга і нізкага ціску пралягае, акрамя Браслава, у бок Відзаў-Лаўчынскіх, Ахрэмаўцаў, Слабодкі. Падрыхтаваны ўжо зыходныя даныя і на падвядзенне газавай ніткі да Друйска. А сёння «Браслаўгаз» абслугоўвае прыродным газам 3 877 абанентаў, у тым ліку 1 861 гаспадара прыватных дамоў. Але тых, хто для дамашніх патрэб карыстаецца газабалоннымі ўстаноўкамі са звадкаваным газам, усё-такі значна больш.

1

Такіх абанентаў у газавай гаспадарцы налічваецца 9 406. І кожны месяц на склад захавання ВУ «Браслаўгаз» з Полацка пастаўляецца каля 3 000 балонаў. Па распрацаваным графіку руху 1 раз у тыдзень дастаўляе іх у кожны населены пункт раёна адна з трох спецыялізаваных машын у складзе вадзіцеля і слесара па абслугоўванні і рамонце газавыкарыстальнага абсталявання.

Перад тым як замяніць балон у абанента, яны спачатку звяраюць нумар 50-літровай ёмістасці і нумарную пломбу, таму што з пачатку гэтага года для большай бяспекі эксплуатацыі індывідуальных установак на балоны пачалі ўстанаўліваць устройствы блакіроўкі злучэнняў і пламбаваць іх. Калі, скажам, пашкоджана пломба ці не супадаюць нумарныя лічбы, то замена звадкаванага паліва можа быць прыпынена да высвятлення ўсіх абставін парушэння дзеючых правіл карыстання газам у быце. Акрамя таго, слесар і вадзіцель выконваюць спадарожныя рамонтныя заяўкі — мяняюць рэдуктары, шлангі, краны, выпісваюць і прадпісанні на замену газавай пліты, калі тэрмін яе эксплуатацыі перавысіў 20 гадоў. А цяпер падчас наведвання абанентаў яшчэ і папярэджваюць іх не прамаруджваць заключыць з ВУ «Браслаўгаз» дагавор на газазабеспячэнне і перааформіць тэхнічны пашпарт на індывідуальную балонную ўстаноўку, як трэба ў адпаведнасці з Правіламі карыстання газам у быце.

Увогуле ж работа звяна спецыялізаванага аўтамабіля газавай гаспадаркі з ліку тых, да якой ні ў якім разе нельга адносіцца нядбайна: газ, як вядома, патрабуе да сябе асаблівых адносін. А ў дадатак яна адымае шмат і фізічных сіл.

■ Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара.