З перамогамі вярнуліся навучэнцы Браслаўскай дзіцячай школы мастацтваў

Калейдоскоп Люди

1З перамогамі вярнуліся навучэнцы Браслаўскай дзіцячай школы мастацтваў з трэцяга адкрытага раённага конкурсу юных піяністаў у Паставах.

У конкурсе, які праводзіцца ў суседнім райцэнтры, было шмат удзельнікаў з музычных устаноў Шаркаўшчынскага, Мёрскага, Глыбоцкага і Пастаўскага раёнаў. Прадстаўніцы Браслаўшчыны Дар’я Каламыцава, Яраслава Быкава і Ганна Вязіцкая не згубіліся ў вялікай колькасці прэтэндэнтаў на перамогу. Яны спраўна выканалі па тры конкурсныя творы, два з якіх можна было выбіраць самім, а вось трэці — заданне ад арганізатараў.

Па выніках выступленняў канкурсантаў журы высока ацаніла старанні браслаўчанак. Так, Яраслава Быкава перамагла ў сваёй узроставай групе, Дар’я Каламыцава заняла другое месца, а Ганна Вязіцкая стала трэцяй.

Дзяўчынкі займаюцца па класе фартэпіяна ў педагога Таццяны Фярко. Яна адзначае іх мэтанакіраванасць і сур’ёзнасць падчас заняткаў.

— Прыемна, што дзяўчынкі змаглі ўразіць журы выкананнем сваіх праграм, — кажа педагог. — Гэтыя дасягненні — вынік іх штодзённых заняткаў, стараннасці і адказных адносін да ігры на фартэпіяна. Цяпер мы будзем рыхтавацца яшчэ да некалькіх мерапрыемстваў. Так, Дар’я плануе прыняць удзел у конкурсах у Даўгаўпілсе і Полацку, а Яраслава паедзе на рэспубліканскі ў Клецк і міжрэгіянальны ў Ракаў.

Пажадаем і надалей юным піяністам не губляць творчага запалу і паспяхова ўдзельнічаць у конкурсных мерапрыемствах. ■

Алена НАБЕЕВА. Фота аўтара

P.S. Пакуль артыкул рыхтаваўся да друку, стала вядома, што Яраслава Быкава заняла другое месца на рэспубліканскім фестывалі-конкурсе «Музычныя іскаркі» ў Клецку.