Відзаўскі каледж, увесь час стварае і ўдасканальвае камфортныя ўмовы для навучэнцаў

Калейдоскоп

1Не перастаеш прыемна здзіўляцца дзейнасці і крэатыўнасці кіраўніцтва Відзаўскага каледжа, якое ўвесь час стварае і ўдасканальвае камфортныя ўмовы для навучання і пражывання сваіх падапечных.

Вось і зусім нядаўна завяршылася рэканструкцыя вучэбнай лабараторыі, што знаходзіцца ў будынку сталовай. Там рыхтуюць будучых повараў. Трэба адзначыць, што вынікі мадэрнізацыі памяшкання вельмі ўражваюць. Дызайн, стылізаваны пад 19 ст., новая зручная мэбля, прыгожы посуд і сучаснае кухоннае абсталяванне, бясспрэчна, падштурхоўваюць дзяўчат з энтузіязмам унікаць ва ўсе тонкасці сваёй будучай прафесіі.

— З вялікім задавальненнем вучуся на повара, — кажа навучэнка першага курса Паліна Жук, — а ў такой прыгожай лабараторыі заняткі заўсёды праходзяць цікава і запамінальна.

Некалькі разоў на тыдзень сталовая каледжа напаўняецца смачным водарам свежых булачак, якія выпякаюць кандытары Алена Карловіч і Валянціна Шніп. Больш за 1 000 штук духмяных мяккіх вырабаў паспяваюць яны спячы за змену. Работніцы сталовай асвоілі ўжо 21 від булачак, і пры гэтым асартымент увесь час папаўняецца.

Пакаштаваць свежую выпечку могуць не толькі відзаўчане: для яе рэалізацыі каледж арганізаваў выязны гандаль. На спецыяльна абсталяваным аўтамабілі булачныя вырабы дастаўляюць у Опсаўскую, Ахрэмаўскую школы, а таксама ў СШ № 2 і гімназію. Асабіста бачыла ля імправізаванага прылаўка відзаўчан вялікія чэргі, якія выстрайваюцца ва ўстановах адукацыі. Школьнікі з задавальненнем купляюць свежыя прысмакі, каб падсілкавацца падчас заняткаў. ■

Алена ПЯТУШКА. Фота аўтара.