На біятлонных трасах — браслаўчане

Здоровье Люди

1У фінальным этапе рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне «Снежны снайпер» на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба ў складзе каманды Віцебскай вобласці прымала ўдзел прадстаўніца Браслаўскага раёна.

На працягу студзеня — лютага па ўсёй краіне праходзілі адборачныя этапы «Снежнага снайпера». Больш за 30 тысяч школьнікаў спрабавалі свае сілы ў біятлоне, аднак толькі 168 хлопчыкаў і дзяўчынак змаглі прайсці ў фінал, які праходзіў у Раўбічах.

Так, напачатку спаборніцтвы адбываліся на раённым узроўні, а іх пераможцы адпраўляліся на абласны. У прыватнасці, у зборную Браслаўскага раёна ўвайшлі вучні Опсаўскай і Слабодкаўскай школ Яўген Ёшчык, Анастасія Голубева, Уладзіслаў Селязнёў, Кацярына Савіцкая і Наталля Ушак. Пад кіраўніцтвам настаўнікаў Аляксандра Дунца і Баляслава Паніча яны паказалі добрыя вынікі на абласных спаборніцтвах, што дазволіла нашай камандзе заняць 4-5 месцы ў канчатковым пратаколе.

— Да этапа ў Віцебску мы рыхтаваліся загадзя. Трэніраваліся ў стральбе, адточвалі лыжныя навыкі. Трэба адзна- чыць, што па ўмовах спаборніцтваў раённы і абласны этапы адрозніваліся. Так, у Браславе напачатку спаборнічалі ў ціры, а пасля — на лыжні. У Віцебску неабходна было і бегчы дыстанцыю, і страляць на біятлонных устаноўках. Лічу, што дзеці нашы выступілі ўдала, нас абышлі прадстаўнікі раёнаў, дзе займаюцца менавіта біятлонам, — расказвае Б. Паніч, настаўнік фізічнай культуры і здароўя Слабодкаўскай школы. — Асабліва радасна за вучаніцу Наталлю Ушак, якая заняла першае месца ў сваёй узроставай катэгорыі і атрымала запрашэнне ў зборную вобласці.

Наталля — вучаніца 10 класа. Яна даўно і моцна сябруе са спортам, удала выступае на раённых спаборніцтвах. Асабісты поспех у біятлоне звязвае са шматлікімі трэніроўкамі. Так, мінулай восенню разам з настаўнікам Баляславам Панічам яна займалася падрыхтоўкай на лыжаролерах, а як толькі выпаў снег, змяніла іх на лыжы.

— У Раўбічах я выступала пад першым нумарам. Вельмі хвалявалася, таму напачатку ў масстарце, дзе было 3 агнявыя рубяжы і бегла 4 кіламетры, з 15 мішэней пацэліла ў 12. Затое на наступны дзень, калі была змешаная эстафета, я змагла сабрацца і прайшла свой этап без промахаў. У выніку наша чацвёрка заняла 5 месца, — расказвае дзяўчына. — Я вельмі рада, што мне выпаў шанс трапіць у зборную вобласці і прыняць удзел у фінальных спаборніцтвах. На памяць пра «Снежны снайпер» мне засталіся сувеніры і два выдатныя трэніровачныя камбінезоны.

Прыклад Наталлі Ушак яшчэ раз даказвае, што браслаўскія дзеці пад кіраўніцтвам сваіх педагогаў здольныя дабівацца пастаўленых мэт і могуць прымаць удзел і годна выступаць на спаборніцтвах рознага ўзроўню. ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара