БРАСЛАЎСКІЯ ЦЮЛЬПАНЫ, ВЫРАШЧАНЫЯ ДА СВЯТА

Калейдоскоп Люди Отдых

1На дварэ калючы вецер, пад нагамі хлюпае снежная каша, а ў цяпліцы браслаўчанкі Ніны Яроцкай сапраўдная вясна: цвітуць сотні рознакаляровых цюльпанаў. Відовішча цудоўнае. Уся цяпліца быццам укрыта стракатай коўдрай, на якой расцвітаюць жоўтыя, белыя, чырвоныя, фіялетавыя, ружовыя і жоўта-чырвоныя галандскія кветкі.

Любоў і цікавасць да раслін у маладой жанчыны праявілася яшчэ ў дзяцінстве. З вялікім задавальненнем яна разам з маці даглядала расаду, а потым высаджвала яе на клумбы. І цяпер кветкаводства стала для яе не толькі прыемным заняткам, але і крыніцай даходу. Ужо не першы год саджанцы разнастайных раслін у Н. Яроцкай з задавальненнем купляюць гаспадары прысядзібных участкаў, а таксама арганізацыі і прадпрыемствы горада. А сёлета жанчына рызыкнула вырасціць цюльпаны.

— Безумоўна, — кажа Ніна, — працаваць з кветкамі прыемна, але гэта цяжкая і карпатлівая праца, да якой трэба падыходзіць з пэўнымі ведамі.

І сапраўды, як вырасціць, напрыклад, петунію, ведаюць многія. А вось выпеставаць капрызныя замежныя кветкі — справа іншая. Таму, перш чым за яе ўзяцца, кведкавод вывучала спецыяльную літаратуру, пераймала вопыт іншых цяплічных гаспадарак. Але, як слушна заўважыла суразмоўніца, з уласным вопытам не параўнаць.

Звычайныя цыбуліны цюльпанаў не падыходзяць для выганкі ў цяпліцах, таму Н. Яроцкая выправілася ў сталіцу, дзе набыла спецыяльны «матэрыял». І ў кастрычніку закіпела работа. Трэба прыкласці нямала намаганняў, каб кветка атрымалася прыгожай. У першую чаргу — уважліва сачыць за тэмпературным рэжымам і вільготнасцю ў цяпліцы, нават ноччу. І нягледзячы на тое, што ў доме для гэтай мэты ёсць спецыяльны датчык, Ніна па чарзе са сваім мужам завіхаюцца над сваімі «гадаванцамі». У вызначаны час іх трэба паліць, падкарміць, апырскаць цёплай вадой. Дарэчы, захоўваць кветкі ў бутонах — таксама асаблівая тэхналогія.

Хутка наступіць першае вясенняе свята і ў браслаўскіх мужчын ёсць магчымасць павіншаваць сваіх жанчын прыгожымі цюльпанамі, клапатліва вырашчанымі Нінай Яроцкай.

■ Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.