Газеты і часопісы — папулярная крыніца навін

Калейдоскоп

1Хто валодае інфармацыяй, той валодае светам. Гэты крылаты выраз асабліва актуальны ў наш час. Нягледзячы на шырокае развіццё сеткі інтэрнэту, газеты і часопісы па-ранейшаму з’яўляюцца папулярнай крыніцай навін.

Зразумела, што для гарантаванага атрымання друкаваных сродкаў масавай інфармацыі патрэбна існаванне ўстойлівага канала, якім найперш з’яўляецца падпіска. Але ж сямейны бюджэт далёка не ўсім дазваляе выпісваць стос газет і часопісаў. А заўжды хочацца разнастайнасці, у тым ліку і інфармацыйнай. Суцішаць такі голад дапамагаюць кіёскі Белсаюздруку.

Карані рознічнага гандлю перыёдыкай пушчаны ў лістападзе 1918 года, калі Савет народных камісараў прыняў дэкрэт «Аб устанаўленні ва ўстановах паштова-тэлеграфнага ведамства продажу выданняў савецкага друку». З таго далёкага часу мала што змянілася ў сутнасці дзейнасці кіёскаў Саюздруку Беларусі — па-ранейшаму асноўным таварам для рэалізацыі з’яўляюцца перыядычныя выданні. Праўда, у апошнія гады, акрамя нацыянальнай прэсы, у кіёсках з’яўляецца ўсё больш дробных штучных тавараў — парфумерыі, прадуктаў, канцтавараў.

Ала Падагель, якая больш за 20 гадоў працуе прадаўцом у кіёску па вул. Кастрычніка, кажа, што ў рэалізацыі яе гандлёвай кропкі заўсёды знаходзіцца больш за сто найменняў друкаваных СМІ — ад традыцыйных нацыянальных газет і часопісаў да вузкаспецыялізаваных — спартыўных, забаўляльных, «жаночых» і г. д.

Кіяскёр заўважае, што найбольшым попытам карыстаюцца «Браслаўская звязда», «СБ — Беларусь сегодня», «Комсомольская правда», «Сад и огород», сканворды і красворды.

Нягледзячы на тое, што шмат выданняў танней атрымліваць па падпісцы, многія браслаўчане не мяняюць шматгадовую прывычку набываць свежую прэсу ў кіёску Саюздруку. Такіх пакупнікоў Ала Падагель не толькі даўно пазнае па твары, але добра ведае іх схільнасці. Назіраў, як людзі яшчэ толькі падыходзілі да акенца кіёска, а Ала загадзя падбірала і клала запатрабаваныя кожным «свае» выданні.

Увогуле ж усіх кліентаў кіяскёр сустракае заўжды з лагоднай усмешкай, за што і паважаюць наведвальнікі Саюздруку абаяльную жанчыну. ■

Тэкст і фота Казіміра ПЯТУШКІ