Іван Шпак ведае сваю справу

Люди

2Машынна-трактарны парк СВК «Маяк Браслаўскі» па сваёй энерганасычанасці, колькасці самаходных машын і агрэгатаў, прычапнога інвентару самы вялікі ў раёне. На тэрыторыі гаспадаркі існуе тры мехдвары — у Пагошчы, Купчэлях і Опсе. Нельга не адзначыць і тое, што апошні з пералічаных мехдвароў мае статус паказальнага, дзе для інжынераў раёна рэгулярна наладжваюць заняткі па правілах пастаноўкі тэхнікі на зімовае захоўванне, рэгуліроўцы агрэгатаў напярэдадні выезду ў поле. І нездарма ў штогадовым аглядзе-конкурсе машынныя двары сельгаскааператыва займаюць прызавыя месцы.

А кіруе ўсёй гэтай складанай інфраструктурай галоўны інжынер Іван Шпак, чалавек сціплы і, нават сказаў бы, непрыкметны сярод спецыялістаў не толькі сваёй гаспадаркі, а і раёна. І ў той жа час Іван Канстанцінавіч умее запатрабаваць ад падначаленых самага строгага парадку ў працоўнай і вытворчай дысцыпліне. У яго, як кажуць механізатары, не расслабішся.

— На ўсіх фермах у нас механізаваная раздача кармоў, — расказваў мне галоўны заатэхнік гаспадаркі Леанід Барткевіч. — І я не магу сабе ўявіць сітуацыі, каб інжынер сказаў, што адразу некалькі трактароў з раздатчыкамі выйшлі са строю, у сувязі з чым жывёла застанецца някормленай па распарадку. Ды ён пасярод ночы паедзе, адшукае патрэбную запчастку, з ложка ўзніме механізатара, прымусіць адрамантаваць трактар ці раздатчык, і той абавязкова прыедзе на ранішнюю змену.

— Канешне, мне лягчэй атрымліваць вялікія ўраджаі, — гаварыла галоўны аграном гаспадаркі Валянціна Таўкінь, — калі за плячыма ёсць добра падрыхтаваная тэхніка і такі інжынер, як Іван Шпак. У тым, што мы першымі ў раёне паспяваем справіцца з сяўбой, нарыхтоўкай кармоў, уборкай збожжавых і зноў з сяўбой, заслуга менавіта яго і каманды механізатараў.

Івана Канстанцінавіча на цэнтральным мехдвары знайсці цяжка. Памочнікаў з малодшага тэхнічнага персаналу ў яго небагата, таму клопатаў з вырашэннем усіх праблем, звязаных з бесперабойнай работай машынна-трактарнага парку, у яго хапае, і няма магчымасці скінуць іх на плечы падначаленых. Круціцца сам. Нездарма ж казаў старшыня праўлення Рамуальд Шукель, што лепшага інжынера адшукаць проста немагчыма, бо І. Шпак — граматны разваротлівы спецыяліст, чалавек сялянскай закваскі, які зрабіў правільны выбар у жыцці і звязаў яго з сельскай гаспадаркай. ■

Аляксандр АЗЕВІЧ.

Фота аўтара.