Творчасць з дзяцінства вабіла Ганну

Люди

1Ёсць катэгорыя людзей, што за якую б работу ні ўзяліся, у іх усё атрымаецца самым лепшым чынам. З іх ліку і намеснік дырэктара Браслаўскай дзіцячай школы мастацтваў Ганна Лабуць. Любую даручаную ёй справу маладая жанчына абавязкова выканае на выдатна. У гэтым ёй дапамагаюць такія яе рысы характару, як адказнасць, актыўнасць і самаадданасць любімай справе.

Творчасць з дзяцінства вабіла Ганну. Свае здольнасці яна рэалізоўвала ў музычнай школе, дзе вучылася іграць на фартэпіяна. Невыпадкова, што пазней і прафесійны лёс вырашыла звязаць з музыкай і пасля школы дакументы падала ў тагачаснае Наваполацкае музычнае вучылішча на спецыяльнасць «музыказнаўства».

Год малады спецыяліст адпрацавала ў Мёрскім раёне, а потым вярнулася на родную Браслаўшчыну. У дзіцячай школе мастацтваў пачынала спачатку педагогам музычна-тэарэтычных дысцыплін, а два гады таму назад перайшла на кіруючую пасаду.

Як прызнаецца Ганна, быць правай рукой дырэктара — складаная і адказная, але цікавая праца. Тут ты не толькі адказваеш за сваіх вучняў, але і вырашаеш арганізацыйныя, выхаваўчыя пытанні, можаш прыдумаць і ўвасобіць новыя формы, падыходы ў дзейнасці ўстановы.

Каля года таму назад Г. Лабуць давялося дадаткова ўзяць на сябе яшчэ і абавязкі дырэктара. І, як вынік, установа паспяхова працуе. Дзякуючы выдатна пастаўленай рабоце, школа мае свой твар, а яе вучні дасягаюць поспехаў у абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах і фестывалях. Толькі ў мінулым годзе выхаванцы школы мастацтваў прынялі ўдзел у 9 конкурсах рознага ўзроўню і атрымалі 16 дыпломаў. Да таго ж вучні ўстановы — частыя госці і на раённай сцэне. У 2015-2016 вучэбным годзе каля 200 дзяцей прынялі ўдзел у больш чым 40 мерапрыемствах.

Вучні школы могуць павучыцца ў свайго педагога таму, як можна паспяваць выдатна выконваць сваю работу і рэалізоўваць здольнасці ў грамадскім жыцці. Ганна — пастаянны ўдзельнік мастацкай самадзейнасці, дзе не раз выступала як саліст і кіраўнік творчых калектываў, атрымліваецца ў яе спраўляцца і з роляй вядучай розных мерапрыемстваў. Сядзець склаўшы рукі яна не ўмее. За якую б справу ні ўзялася жанчына — арганізацыя мерапрыемства, напісанне сцэнарыя ці падрыхтоўка канцэртнага нумара — у яе абавязкова ўсё атрымліваецца на выдатна. Вось і цяпер яна актыўна рыхтуе вучняў да абласнога конкурсу баяністаў і музычна-тэарэтычнай алімпіяды.

Два гады таму назад Ганне прапанавалі ўзначаліць пярвічную прафсаюзную арганізацыю школы мастацтваў, яна згадзілася і на гэту пасаду, ды і калектыў падтрымаў дзяўчыну з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. І тут за два гады работы яна здолела зарэкамендаваць сябе як сапраўдны ініцыятыўны прафсаюзны лідар.

Тое, што Ганну прызналі лепшай па прафесіі ў намінацыі «Моладзь», яна расцэньвае як стымул для далейшай плённай дзейнасці на карысць любімай установы. ■

Таццяна ПЯТУШКА.

Фота аўтара.