Ганаровага звання «Чалавек года Браслаўшчыны» ўдастоена Таццяна Севасцьянава

Люди

1Асабіста ў мяне прафесія землеўпарадкавальніка з дзяцінства асацыіруецца з гэтакім дзядзькам у целагрэйцы, гумовых ботах і «казой» у руках, які абмярае агароды вяскоўцаў і ставіць вехі, калі хто прыхапіў лішняга. Яно так і было. Але ж прагрэс не стаіць на месцы. Сёння спецыялісты землеўпарадкавальнай службы карыстаюцца камп’ютарамі, картамі, зробленымі па фотаздымках з космасу, іншымі прагрэсіўнымі прыборамі.

Без малога 6 гадоў таму назад землеўпарадкавальную службу райвыканкама ўзначаліла маладая і далікатная Таццяна Севасцьянава. І мяркуючы па водгуках, з работай сваёй яна спраўляецца выдатна.

У Таццяны Мікалаеўны і яе падначаленых служба адказная і карпатлівая. У абавязкі супрацоўнікаў уваходзіць дзяржаўны кантроль за выкарыстаннем і аховай зямель, правядзеннем землеўпарадкавальных, зямельна-кадастравых работ, праверка захавання фізічнымі і юрыдычнымі асобамі заканадаўства па ахове і выкарыстанні зямель, разгляд зямельных спрэчак.

Улічваючы спецыфічнасць нашага раёна як турыстычнай зоны, у землеўпарадкавальнікаў з’яўляюцца і дадатковыя нагрузкі. Напрыклад, падчас наведвання Браслаўшчыны ў жніўні мінулага года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка даручыў падабраць зямельныя ўчасткі для размяшчэння аб’ектаў турыстычнай дзейнасці. І ўсё гэта лягло на плечы Таццяны Севасцьянавай. За кароткі тэрмін яна падабрала 100 участкаў агульнай плошчай 304,2 гектара. На іх паспела падрыхтаваць картаграфічныя і фотаматэрыялы, якія аформлены ў 9 альбомаў. Таксама складзена карта раёна з нанясеннем выбраных участкаў.

Не менш карпатлівага падыходу патрабуе і падбор участкаў для продажу іх з аўкцыёнаў.

За час сваёй работы на пасадзе начальніка землеўпарадкавальнай службы Т. Севасцьянавай не аднойчы даводзілася выязджаць і на вырашэнне зямельных спрэчак паміж домаўладальнікамі. Іншы раз, як расказвала яна, суседзі ствараюць праблему на пустым месцы: пачынаюць аспрэчваць адзін у другога невялікі кавалачак зямлі, які на самой справе і выкарыстоўваць не збіраюцца. Тады даводзіцца праяўляць гнуткасць, вынаходлівасць, каб прымірыць бакі. І гэта, як правіла, у жанчыны атрымліваецца.

Ганаровае званне «Чалавек года Браслаўшчыны» Таццяна Севасцьянава атрымала напярэдадні прафесіянальнага свята, што прыемна ўдвая. ■

Аляксандр АЗЕВІЧ.

Фота аўтара.