Прынцыповасць — асноўная рыса характару Леаніда Зайца

Люди

1— Ніколі не імкнуўся займаць высокіх пасад, выпісваць прадпісанні, караць штрафамі, — не раз у час нашых сумесных паездак па сельгаспрадпрыемствах раёна гаварыў мне начальнік інспекцыі дзяржтэхнагляда Леанід Заяц. — Але ж паколькі давялося заняць гэтую пасаду, не магу быць беспрынцыповым, бо разумею, што кожнае маё паслабленне, асабліва ў час правядзення тэхагляду трактароў і самаходных сельгасмашын, у далейшым можа каштаваць чалавечых жыццяў. А я не хачу і не магу дапускаць, каб з-за маёй мяккасці цярпелі людзі.

Сапраўды, мне не раз скардзіліся інжынеры і кіраўнікі гаспадарак на тое, што Леанід Пятровіч быццам бы занадта прыдзірлівы ў час правядзення тэхагляду. Але ж паколькі рэгулярна па запрашэнні начальніка інспекцыі даводзіцца выязджаць на гэтую працэдуру, перакананы: іншага падыходу быць проста не можа.

Сёння, у параўнанні з ужо далёкімі савецкімі часамі, калі трактар не мог быць пастаўлены на тэхагляд свежаафарбаваным, падвараным, патрабаванні зніжаны. Але ж спраўнасць хадавых і рулявых механізмаў, тармазной сістэмы, гукавой і светлавой сігналізацыі была і застаецца асновай асноў бяспечнай эксплуатацыі транспарту.

І тут нельга не згадзіцца з пазіцыяй Л. Зайца: калі гаспадарка не мае магчымасці купіць фарбу, на гэта можна заплюшчыць вочы. А вось выпусціць за вароты агрэгат, у якога тармозіць толькі адно кола, або няспраўныя светлавыя прыборы, або, горш за тое, не працуе блакіроўка запуску рухавіка пры ўключанай перадачы, ён ні ў якім разе не дазволіць, бо разумее, што такія паслабленні будуць каштаваць дорага. Не менш прынцыпова да кіраўнікоў і інжынерна-тэхнічнага персаналу ставіцца Леанід Пятровіч і ў час праверак пастаноўкі тэхнікі на зімовае захоўванне. З ліхтарыкам ён загляне ў самыя недаступныя месцы камбайнаў, пасяўных агрэгатаў, каб высветліць, наколькі старанна там прыбраны рэшткі пажніўных ці пасяўных адходаў, якія ў першую чаргу спрыяюць карозіі і зношванню тэхнікі. І зноў жа, у час такіх праверак не раз даводзілася чуць: «Навошта так дасканала правяраць тэхніку? Яму што, больш за іншых патрэбна?!»

А па дарозе дамоў гэтае пытанне я пераадрасоўваў Леаніду Пятровічу, на што ён кожны раз адказваў адназначна: «Зразумей, карэспандэнт. Мой бацька ўсё жыццё ад’ездзіў на «ГАЗ-51». Машына халодная. Зарабіў інваліднасць. Сённяшнія зерне- і корманарыхтоўчыя камбайны па камфортнасці далёка не «газонаўскія». Але ж каб зрабіць з іх «рэшата», вялікага розуму не трэба. А якая прадукцыйнасць будзе ў прагніўшага наскрозь камбайна? Купіць новы сродкаў няма. Дык лепш берагчы, што ёсць».

Пэўна, да такой жыццёвай пазіцыі і дадаць нічога нельга. ■

Аляксандр Азевіч.

Фота аўтара