Матулі, якія адпраўлялі сыноў на службу ў Афганістан расказалі, як жылі ад ліста да ліста

Главное Калейдоскоп Люди

Колькі пяшчоты і цеплыні тоіць у сабе мацярынскае сэрца! У ім ніколі не гасне любоў, яно не застанецца абыякавым да лёсу дзяцей. Жалезнымі абцугамі сціскаліся сэрцы мацярок, якія праводзілі сыноў на службу ў далёкі Афганістан.

1Вера СЯЛІЦКАЯ, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання ветэранаў:

— Пра месца службы свайго сына Пятра даведалася з яго ліста. Ад такой навіны ахапіла роспач. Усяго толькі тры гады прайшло, як пахавала старэйшага. Ад цяжкіх перажыванняў трапіла ў бальніцу. З нецярпеннем чакала кожны ліст, які перачытвала па некалькі разоў. Бывала, ноччу прысніцца Пеця — ускокваю з ложка са слязьмі і ўжо больш не засну да раніцы: усё думаю, як ён там. А колькі было радасці, калі сын вярнуўся жывы і здаровы. Але, як кажуць, ад лёсу не ўцячэш: афганскае пекла прайшоў, а вось ад хваробы не ўратаваўся. Ужо пяць гадоў Пеці няма з намі. Безумоўна, гэта чужая вайна таксама паўплывала на здароўе сына. Яго армейскія здымкі і дакументы перадала ў музей СШ № 1, які часта наведваю.

3Аліна МІКШТА, пенсіянерка:

— Провады ў армію для свайго адзінага сына Лёні справілі вялікія: каля 70 чалавек яго праводзілі. Пра тое, што ён трапіць у Афганістан, нам сказалі ўжо ў ваенкамаце. З таго моманту для нас з мужам пачаліся цяжкія дні. Спачатку з нецярпеннем чакалі першага ліста, потым кожны дзень заглядвала ў паштовую скрыню. Разам з Лёнем служыў браслаўчанін Валодзя Нікіцін. Калі атрымлівалі вестачку ад дзяцей, абавязкова прыязджалі адзін да аднаго і па некалькі разоў перачытвалі ўголас. Асаблівы жах ахапіў, калі даведаліся пра раненне сына. Адразу з мужам выправіліся ў дарогу. У Самаркандзе каля шпіталя, дзе лячыўся Лёня, знялі кватэру. Тыдзень былі побач з сынам. Куплялі яблыкі ці іншую садавіну і неслі для ўсіх суседзяў у палаце. Сэрца рвалася з грудзей, калі глядзелі на маладых хлопцаў без рук і ног. Цяжка было пакідаць сына, усю дарогу дадому плакала. Лічылі кожны дзень да загаду на дэмабілізацыю. Дзякуй Богу, сын вярнуўся жывы і здаровы. А ўсе яго 110 лістоў з Афгана да сённяшняга дня беражліва захоўваю.

2Надзея КРАСЬКО, пенсіянерка:

— Майго сына Сяргея Шакура прызвалі ў армію ў маі 1987 г. У хаце справілі провады, а раніцай паехалі ў Лепельскі ваенкамат, бо ў гэтым горадзе на той час ён вучыўся. Там і даведаліся пра страшную навіну. Першы ліст ад слёз не магла чытаць, суседка дапамагла. А ў лістападзе раптоўна памёр малодшы чатырнаццацігадовы сын. Пасылалі Сяргею тэлеграму, але яго на пахаванне брата не адпусцілі. Здавалася, гора разарве сэрца. Малітва дапамагала. Два гады бяссонных начэй. З нецярпеннем чакала кожны ліст. Пра жахі Сяргей не пісаў, больш расказваў пра прыроду. Вялікая радасць была ў хаце, калі сын вярнуўся. Але засмучала, што першы час па начах ён падскокваў, бывала, і крычаў. І зноў слёзы засцілалі вочы: гэта столькі яму прыйшлося перажыць. Не дай Бог нікому адпраўляць сваіх дзяцей на вайну. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара