Настаўнік-дэфектолаг Таццяна Дзехцяронак: Толькі цеснае супрацоўніцтва дасць станоўчы эфект

Люди

1Сумныя лічбы красамоўна сведчаць, што колькасць дзяцей, якія маюць моўныя парушэнні і патрэбу ў дапамозе спецыялістаў, расце як камяк снегу. І так важна, каб маленькія, часам спалоханыя і замкнёныя хлопчыкі і дзяўчынкі трапілі ў рукі чулага прафесіянала. Менавіта такім з’яўляецца настаўнік-дэфектолаг СШ № 2 Таццяна Дзехцяронак.

Ужо больш за 30 гадоў яна дапамагае маленькім гарэзам навучыцца правільна вымаўляць гукі, а значыць, знайсці ўпэўненасць у саміх сабе.

— Праблема сапраўды вельмі актуальная, — кажа Таццяна Генадзеўна. — І прычын таму многа, але асноўная — бацькі недастаткова ўдзяляюць увагі сваім дзецям, мала з імі размаўляюць, рэдка чытаюць ім кнігі, не папраўляюць пры няправільным вымаўленні слоў.

Безумоўна, прасцей пасадзіць сваё чада перад тэлевізарам ці камп’ютарам, каб толькі не дакучала рознымі «глупствамі», і спакойна займацца сваімі справамі. А з тэхнікай не паразмаўляеш. Вось і атрымліваецца, што мова ў дзіцяці не развіваецца. Пры няправільным вымаўленні гукаў узнікаюць цяжкасці ў вучобе, таксама гэта можа стаць сур’ёзнай падставай для развіцця комплексу непаўнацэннасці.

Выправіць сітуацыю, лічыць Таццяна Дзехцяронак, можна толькі ў цесным супрацоўніцтве дэфектолага з бацькамі, і чым раней апошнія звяртаюцца да спецыяліста, тым лепш. Для кожнага хлопчыка ці дзяўчынкі педагог падбірае індывідуальныя заняткі, дае рэкамендацыі бацькам, за- прашае іх на кансультацыі, паказвае, як трэба займацца дома. Але, засмучаецца Таццяна Генадзеўна, далёка не ўсе бацькі добрасумленна выконваюць яе парады і прапановы, што значна перашкаджае дабівацца станоўчага эфекту.

Работа настаўніка-дэфектолага складаная і карпатлівая, да кожнага дзіцяці трэба падабраць свой ключык, разгаварыць яго. Гадзінамі адпрацоўваць складаныя для вымаўлення малога гукі могуць толькі ўпартыя спецыялісты, сапраўдныя прафесіяналы. Энергічная, крэатыўная і добразычлівая Таццяна Генадзеўна ў работу з дзецьмі ўкладвае часцінку сваёй душы, да выхаванцаў ставіцца як да асоб. У яе кабінеце пануе атмасфера дабрыні і дамашняй цеплыні, што спрыяе даверлівым і сяброўскім адносінам з дзецьмі. Педагог з актыўнай жыццёвай пазіцыяй заўсёды цікавіцца новымі сучаснымі методыкамі і выкарыстоўвае іх у сваёй рабоце. Шчыра дзеліцца яна ўласнымі напрацоўкамі і з маладымі калегамі, а ў яе сапраўды ёсць чаму павучыцца.

Таму не дзіва, што абагульненне вопыту Т. Дзехцяронак, прадстаўленае на абласным конкурсе, адзначана дыпломам ІІІ ступені. Так з пяшчотай і любоўю ў сэрцы да сваіх выхаванцаў Таццяна Генадзеўна дапамагае ім пераадолець цяжкасці і паверыць у свае сілы. ■

Алена ПЯТУШКА.