У мароз супрацоўнікі АДАІ дапамагалі «замерзлым» аўтааматарам

Калейдоскоп

33На гэтым тыдні, калі тэрмометры паказвалі да мінус 20, супрацоўнікі аддзялення ДАІ РАУС працавалі ва ўзмоцненым рэжыме. Патрульныя машыны пастаянна курсіравалі па дарогах раёна ў пошуках тых, хто замярзае ў дарозе. Міліцыянеры абавязкова мелі з сабой валёнкі, тэрмас з гарачым чаем і правады для «прыкурвання».

— Асабліва небяспечна «стаць» на дарозе ноччу, калі машын, вадзіцелі якіх маглі б дапамагчы, становіцца значна менш і калі да бліжэйшага населенага пункта далёка, — кажа Сяргей Капусцін, інспектар ДПС АДАІ РАУС. — Напрыклад, у сераду, у маё дзяжурства, — працягвае расказ інспектар, — каля 8 гадзін вечара на дарозе ля дачнага пасёлка спыніў мужчына, які расказаў, што прыехаў на рыбалку, а калі сабраўся ехаць дамоў, аўтамабіль не завёўся і ў мабільніку, як на зло, батарэйка «села». Аўтааматара адагрэлі гарачым чаем, а таксама «рэанімавалі» яго мікрааўтобус.

Супрацоўнікі ДАІ часта прыходзяць на дапамогу аўтаўладальнікам, але ўсё ж такі настойліва раяць ва ўмовах экстрэмальнага надвор’я адмовіцца ад паездак на асабістым транспарце. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ. Фота аўтара.