Прыхільнік актыўнага і здаровага ладу жыцця Сяргей Пушкароў

Калейдоскоп Люди

1Асноўная задача настаўніка фізічнай культуры — прывіць школьнікам любоў да здаровага ладу жыцця, выхаваць імкненне дасягаць мэт і не баяцца цяжкасцей. І зрабіць гэта магчыма, лічыць педагог Дрысвяцкага ДССШ Сяргей Пушкароў, толькі ўласным прыкладам.

— Колькі сябе памятаю, — кажа Сяргей Дзмітрыевіч, — быў актыўным, шмат часу праводзіў на вуліцы і ў спартыўнай зале школы. З задавальненнем гуляў у футбол, падабаліся і лыжы, заўсёды ўдзельнічаў у школьных і раённых спаборніцтвах.

Таму з дзяцінства хло- пец вызначаўся добрай фізічнай падрыхтоўкай і пад уплывам свайго настаўніка фізкультуры Альфрэда Стэфановіча зразумеў, што спорт — яго стыхія. І пасля заканчэння шостага класа Опсаўскай школы паступіў у Віцебскую школу-інтэрнат спартыўнага профілю, дзе пачаў сур’ёзна займацца лыжным біятлонам. Суровы распарадак дня ўстановы толькі загартаваў характар і спартыўны дух хлопца. За добрыя вынікі ў зімовым відзе спорту Сяргея ўключылі ў каманду юніёраў зборнай СССР, якая налічвала ўсяго 10 чалавек.

Для юнага спартсмена пачалося новае складанае, але цікавае жыццё. Трэніроўкі праходзілі на Урале, у Мурманску, Кандалакшы, іншых мясцінах Поўначы.

Пасля распаду Савецкага Саюза пэўны час май- стар спорту СССР па лыжным біятлоне С. Пушкароў прадстаўляў беларускую каманду. Але сур’ёзная траўма калена, на жаль, перарвала яго спартыўны палёт, і ён вярнуўся на Браслаўшчыну.

Парог спартыўнай залы Дрысвяцкага ДССШ ў якасці настаўніка Сяргей Дзмітрыевіч упершыню пераступіў у 2011 годзе. Работа з дзецьмі адразу захапіла, і ён з вялікім задавальненнем штодзень прыходзіць на ўрокі, займаецца з вучнямі ў спартыўных секцыях і гуртках. Прыхільнік актыўнага і здаровага ладу жыцця, С. Пушкароў імкнецца перадаць сваё захапленне фізічнай культурай і навучэнцам. Спартыўная дысцыпліна, цікавыя разнастайныя метады работы Сяргея Дзмітрыевіча заўсёды прыцягваюць вучняў на заняткі, а дзіцячыя галасы ў спартыўнай зале не змаўкаюць да позняга вечара, што сведчыць пра самаадданасць настаўніка сваёй рабоце.

Але нішто так красамоў- на не гаворыць пра работу педагога, як дасягненні яго вучняў. І трэба адзначыць, што С. Пушкарову ёсць чым ганарыцца: з 2011 па 2016 гады навучэнцы школы 26 разоў станавіліся пераможцамі раённых спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы, лыжных гонках, настольным тэнісе, міні-футболе, баскетболе, у зімовым і летнім шматбор’і «Абаронца Айчыны», былі ўдзельнікамі абласных спартакіяд.

Ды і сам педагог актыўна ўдзельнічае ў разнастайных спартыўных мерапрыемствах і неаднаразова быў узнагароджаны граматамі раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму. Але галоўным для творчага таленавітага педагога было і застаецца адно — уласным прыкладам прыцягваць дзяцей да спорту і здаровага ладу жыцця. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.