У нашым раёне 6 непаўналетніх выхоўваюцца ў дзіцячым доме сямейнага тыпу, 14 — у 9-ці прыёмных сем’ях

Калейдоскоп

1Развіццё сямейных формаў выхавання стала адным з галоўных накірункаў дзяржаўнай палітыкі па абароне дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Выдатна, што знаходзяцца людзі, якія не баяцца цяжкасцей і гатовы дапамагчы выхаванцам інтэрнатных устаноў набыць пазітыўны вопыт жыцця ў сям’і, навучыцца асновам паводзін у грамадстве.

У нашым раёне 6 непаўналетніх выхоўваюцца ў дзіцячым доме сямейнага тыпу, 14 — у 9-ці прыёмных сем’ях. І перад бацькамі час ад часу паўстаюць пытанні па выхаванні, узаемаадносінах з дзецьмі, бо тыя ў свае малыя гады ўжо прайшлі суровую школу жыцця, што пакінула сур’ёзны адбітак. Нягледзячы на ўжо набыты пэўны практычны вопыт, прыёмным бацькам неабходны і тэарэтычныя веды. Тым больш што дзеці растуць, развіваюцца, а значыць, трэба ўдасканальваць метады і прыёмы выхавання. Таму восенню 2013 года на базе Браслаўскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра быў створаны клуб «Сямейны ачаг». Мамы і адзін тата — актыўныя яго ўдзельнікі, раз у квартал збіраюцца яны разам, абмяркоўваюць надзённыя пытанні, вырашаюць праблемы, атрымліваюць канкрэтныя парады спецыялістаў СПЦ.

На мінулым тыдні адбылося чарговае пасяджэнне клуба. Супрацоўнікі цэнтра запрасілі прыёмных бацькоў на круглы стол, падчас якога павялі размову пра такую праблему выхавальнікаў, як эмацыянальнае выгаранне. Не сакрэт, што дзеці ў сваіх біялагічных сем’ях атрымалі негатыўны вопыт адносін і нярэдка выпрабоўваюць дарослых на трываласць, ствараючы дастаткова напружаную атмасферу. Прыёмныя ж бацькі не проста людзі, якія выхоўваюць малога, яны на рабоце практычна 24 гадзіны ў суткі. І гэтая адказнасць, недахоп свабоднага часу, доўгае чаканне станоўчых вынікаў, безумоўна, уплываюць на іх. Таму ў пачатку сустрэчы прысутныя ацанілі свой псіхалагічны стан, сур’ёзна і ўдумліва адказаўшы на пытанні анкеты, прапанаванай педагогам-псіхолагам СПЦ Жаннай Юран. Затым адбылася нязмушаная гутарка па тэорыі пытання. Разам з метадыстам вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Аксанай Аніська прыёмныя бацькі абмеркавалі вынікі анкетавання, паўдзельнічалі ў трэнінгу, выканалі спецыяльныя практыкаванні. Спецыялісты цэнтра патлумачылі таксама, як неабходна кантраляваць свой стан, правільна размяркоўваць час, іншыя псіхалагічныя моманты і папярэдзілі, што сіндром эмацыянальнага выгарання прасцей папярэдзіць, чым пераадольваць яго наступствы.

Пасяджэнне клуба праходзіла ў атмасферы шчырасці і даверу, сур’ёзныя паведамленні змяняліся гульнямі, гучалі ўзрушаныя, часам нават са слязамі на вачах, расказы пра розныя жыццёвыя сітуацыі, якімі не заўсёды і са сваякамі можна падзяліцца. Удзельнікі сумесна шукалі спосабы вырашэння праблем і, нягледзячы на складанасці выхавання, адзначалі, што нават адно маленькае станоўчае дасягненне пераважвае дастаткова вялікую колькасць негатыву.

Безумоўна, пасля такіх сустрэч прыёмным бацькам намнога лягчэй спраўляцца з цяжкасцямі. Да таго ж члены клуба падтрымліваюць зносіны між сабой і па-за яго межамі: сазвоньваюцца, абменьваюцца тэматычнай літаратурай. Галоўнае, ніхто з іх не адчувае сябе пакінутым у такой важнай справе, як выхаванне дзяцей. ■

Калі нехта з чытачоў разглядае магчымасць узяць дзіця на выхаванне і арганізаваць прыёмную сям’ю, то атрымаць падрабязную інфармацыю і кваліфікаваную дапамогу можна ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму (тэл. 62-2-47).

Жанна БЯЛЬКО.

Фота аўтара.