За 2016 год у раёне было зарэгістравана 275 нараджэнняў (на 37 больш, чым у 2015 годзе)

Главное Калейдоскоп Новости
1
ЕВА — першая браслаўчанка 2017 года, якая нарадзілася 1 студзеня ў сям’і Андрэя і Веранікі Шакеляў з Браслава.

Пачатак года — час, калі розныя структуры падводзяць вынікі работы і агучваюць свае статыстычныя даныя. З лічбамі звязана і работа аддзела ЗАГС райвыканкама. Аналізуючы іх, супрацоўнікі адзначаюць, што мінулы год быў розным на падзеі ў жыцці браслаўчан. Сярод асноўных тэндэнцый — больш нараджэнняў, аднак менш вяселляў.

— За 2016 год у раёне было зарэгістравана 275 нараджэнняў (на 37 больш, чым у 2015 годзе), а таксама 495 смярцей (на 22 больш). З іх па аддзеле ЗАГС — 162 нараджэнні і 217смярцей. Калі звярнуцца да тэрытарыяльнай адзнакі, то лідзіруюць па колькасці нованароджаных Відзаўскі (33), Опсаўскі (20) і Ахрэмавецкі (20) сельсаветы. А вось адваротная карціна ў Плюскім і Цяцеркаўскім сельсаветах, дзе нарадзіліся 4 і 6 дзяцей адпаведна, — адзначае галоўны спецыяліст аддзела ЗАГС Вера Цяцера.

У краінах Еўропы ў апошні час папулярна ўступаць у шлюб і станавіцца бацькамі ў больш сталым узросце. Існуюць там свае тэндэнцыі і адносна таго, як назваць дзіця: перавагу аддаюць двайным, незвычайным імёнам ці ўсіх дзяцей называюць на адну літару. Браслаўчане да такіх тэндэнцый адносяцца спакойна. Узрост татаў і мам розны: становяцца бацькамі і ў 18, і пасля 45-ці. Так, у мінулым годзе матулямі сталі 2 жанчыны да 18-гадоў і 6 — ад 40 да 45. А вось татамі станавіліся і пасля 50-ці. Аднак самым папулярным узростам бацькоўства стаў ад 25 да 30 гадоў (88 матуль і 75 татаў). Такім чынам, сярэдні ўзрост маці — 27 гадоў, а таты — 30.

Што датычыцца імён, то малых называлі і папулярнымі, і рэдкімі. У хлопчыкаў самым запатрабаваным стала імя Арцём, у 10-цы найбольш папулярных таксама Аляксей, Дзяніс, Мацвей, Мікіта і Цімур. Каторы год у лідарах сярод жаночых імён — Настасся. Не здавала яно пазіцый і ў 2016-ым. Таксама сярод папулярных — Ганна, Лізавета, Сафія, Вікторыя і Дар’я. Сустракаліся і даволі рэдкія імёны, такія як Гардзей, Давід, Дамір, Елісей, Захар, Эльдар, Зарына, Міхаліна, Саміра, Адрыяна. Аднак у ЗАГСе адзначаюць, што ў апошні час у разрад рэдкіх пераходзяць і такія імёны, як Сяргей, Уладзімір, Юрый, Вольга. Іх сваім дзецям у мінулым годзе браслаўчане давалі толькі аднойчы. Увогуле ж за год хлопчыкаў нарадзілася больш (158), чым дзяўчынак (117). А вось у 2015-ым годзе было наадварот: дзяўчынак на свет з’явілася больш.

— Калі нараджэнняў зарэгістравана больш, то вяселляў менш. За мінулы год вузамі Гіменея звязала сябе 161 пара, што на 71 менш, чым у 2015 годзе. З іх непасрэдна ў ЗАГСе — 146. Гэта як маладыя людзі, так і тыя, для каго шлюб не першы, — падкрэслівае В. Цяцера.

Змяніўся і ўзрост жадаючых стварыць сям’ю. Так, сярэдні ў мужчын — 30 гадоў, а ў жанчын — 27. Да 18 гадоў у нас былі 4 нявесты, тых, каму споўнілася 18 — 2 жаніхі і 5 нявест, а вось 4 чалавекі заключылі шлюб ва ўзросце больш за 60 гадоў. Самы папулярны ўзрост для шлюбу — 23 гады (18 жаніхоў і 17 нявест). У мінулым годзе зарэгістраваны 23 шлюбы з замежнымі грамадзянамі — жыхарамі Расіі, Літвы, Швецыі, Украіны, Малдовы, Азербайджана, Латвіі, Казахстана і Грузіі.

Акрамя гэтага, ЗАГС выконваў яшчэ шмат іншых грамадзянскіх працэдур. Было 29 выпадкаў (40 па раёне) устанаўлення бацькоўства, 4 перамены імя, 12 разводаў. Год толькі пачаўся, а значыць, наперадзе ва ўстановы многа спраў.

■ Таццяна ПЯТУШКА.