Фірменны гандаль ў нашым раёне

Экономика и финансы

1Сённяшнія эканамічныя рэаліі ставяць перад прамысловымі прадпрыемствамі складаную задачу: вытворцам, каб паспяхова рэалізаваць сваю прадукцыю, мала распрацоўваць новыя гатункі, клапаціцца пра якасць тавару — трэба яшчэ ўмець прыцягнуць патэнцыяльных пакупнікоў. Для гэтага найлепшым чынам падыходзіць фірменны гандаль, які ў розных маштабах прадстаўлены і ў нашым раёне — ад фірменных секцый да асобных магазінаў, колькасць якіх, праўда, у гэтым годзе скарацілася. Чым такі гандаль карысны вытворцам і спажыўцам, высвятляла “Браслаўская звязда”.

ЗАЎСЁДЫ СВЕЖАЯ ПРАДУКЦЫЯ

Тое, што ведамасны гандаль ва ўмовах рыначных адносін — выдатная магчымасць наладзіць збыт сваёй прадукцыі, добра разумеюць у СВК “Маяк Браслаўскі”. Там адкрылі 2 уласныя гандлёвыя кропкі — у Пагошчы і Браславе. Найбольшай папулярнасцю карыстаецца фірменны магазін у райцэнтры, пра што сведчаць лічбы: яго выручка за мінулы год склала 832 тыс. 726 руб. Выгада прадпрыемства відавочная. А вось што прываблівае шматлікіх пакупнікоў, можна ўбачыць на паліцах магазіна: 5 відаў каўбасы паўвэнджанай і 2 — варанай, сасіскі, сардэлькі, паўфабрыкаты са свініны і ялавічыны, сырая каўбаса, 2 віды фаршу, рагу, субпрадукты, вэнджанае мяса, свежаніна. Да таго ж нязначная адлегласць да вытворчага цэха дае магчымасць кожны дзень прадаваць свежую прадукцыю, у якасці якой не прыходзіцца сумнявацца.

ПРЫКЛАД ПАСПЯХОВАГА МАРКЕТЫНГУ

У філіяле “Браслаўскі хлебазавод” таксама ў поўнай меры выкарыстоўваюць перавагі фірменнага гандлю: у агульнай выручцы яго доля роўная 22 %. Размешчаныя ў людных месцах 2 гандлёвыя аб’екты ў Браславе і па 1 — у Опсе і Відзах запатрабаваныя пакупнікамі. У гэтых фірменных кропках пакупнікі могуць знайсці поўны асартымент прадукцыі. Напрыклад, хлеб для дыетычнага харчавання, для дыябетыкаў, бяздрожжавы, з напаўняльнікам, з цэльным зернем, круасаны, булачкі, плюшкі, пернікі, 5 відаў сухароў і інш. У павільёне на рынку тавары ўласнай вытворчасці складаюць да 70 %, у магазіне, што па вул. Кастрычніка, — 50 %. Акрамя гэтага, там прапануюць і прадукцыю Віцебскхлебпрама, а яшчэ бакалею, кандытарскія вырабы, каўбасу, сыр, смятану, малако, што зручна для мясцовых жыхароў. Гандлёвая надбаўка ў магазінах ведамаснага гандлю закладаецца мінімальная і складае 10 % — гэта, безумоўна, прываблівае пакупнікоў, таксама як і скідкі, якія практыкуюцца напярэдадні свят, выстаўкі-дэгустацыі новых відаў прадукцыі. На прадпрыемстве ўлічваюць спажывецкі попыт: у рыбалоўны сезон, напрыклад, пакупнікі больш цікавяцца паніровачнымі сухарамі, а перад Масленіцай — мукой для аладак, таму і асартымент фарміруецца адпаведным чынам.

ЛАВІСЯ, РЫБКА…

Некаторыя фірменныя гандлёвыя кропкі маюць дастаткова вузкую спецыялізацыю. Гэтым адрозніваец- ца магазін нацыянальнага парка, які прыцягвае браслаўчан і гасцей нашага горада свежавылаўленай азёрнай рыбай. Летам — штодзень, а цяпер, у залежнасці ад няўстойлівага надвор’я, 2 разы на тыдзень можна набыць там шчупака, ляшча, судака, ліня, плотку і інш. Выбар тут на любы густ і кашалёк — ад 1,2 руб. да 10 руб. за кілаграм. Прадаюцца і спадарожныя тавары, таму ў магазін завітваюць як пастаянныя пакупнікі — мясцовыя жыхары, так і адпачываючыя.

ДАКРАНУЦЦА ДА ВЫТОКАЎ

Самы “малады” сярод фірменных магазінаў — пункт продажу сувенірнай прадукцыі Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў. Ён быў створаны для таго, каб самабытныя майстры клуба “Ля возера” маглі рэалізоўваць свае вырабы, і цалкам сябе апраўдаў. Так, за мінулы год план па продажы выкананы на 120 %, а на 1 студзеня гэтага года на паліцах налічвалася тавараў на 15 тысяч 637 рублёў. Вырабы з лазы, саломы, дрэва, бісеру, кераміка, вышыванкі, тканыя паясы вытворчасці нашых умельцаў, а таксама прывазныя сувеніры з браслаўскай сімволікай у асноўным разлічаны на турыстаў, але апошнім часам і жыхары горада праяўляюць цікавасць да фірменнага магазіна, асабліва напярэдадні сямейных памятных дат. Браслаўчане ахвотна наведваюць ведамасныя гандлёвыя аб’екты, якія прапануюць прадукцыю прадпрыемстваў-заснавальнікаў. У выніку вытворцы маюць магчымасць пашыраць збыт, вывучаць спажывецкі попыт, удасканальваць асартымент, да таго ж хуткая рэалізацыя тавараў паскарае абарот грашовых рэсурсаў. А пакупнікі, не трацячы лішняга часу на пошук неабходнага на невялікіх плошчах, набываюць найбольш пры- датную па цане і якасці прадукцыю. Фірменны гандаль збліжае вытворцаў і спажыўцоў, стварае прывабны імідж не толькі прадпрыемствам, але і ўсяму раёну. ■

Жанна БЯЛЬКО.